У Віцебскім абласным аддзяленні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” прайшоў справаздачна-выбарны сход
У Віцебскім абласным аддзяленні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” прайшоў справаздачна-выбарны сход. Падведзены вынікі пяцігадовай працы, выбраны старшыня. Як і раней аддзяленне ўзначаліла лаўрэат Першай нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка.
Грамадскае аб’яднанне адзначае 10-гадовы юбілей. Час, калі падводзяцца вынікі зробленага, звяраецца вызначаны курс, будуюцца далейшыя планы. Для вопытнага кіраўніка творчай плыні вельмі важна гарманічнае развіццё як самой суполкі, так і кожнага яе творцы. Параўнаем: напачатку ў аддзяленні было 14 пісьменнікаў, сёння іх 41! За 10 гадоў літаратары напісалі і выдалі 390 кніг, правялі больш за 7 тысяч сустрэч з чытачамі, арганізавалі 57 літаратурных конкурсаў сярод моладзі. Зразумела, для творчага працэсу якасць і колькасць – катэгорыі
cупярэчлівыя, але ўсё ж лічбы вартыя таго, каб іх нагадаць і адзначыць: літаратурнае жыццё ў Прыдзвінскім рэгіёне віруе.- Мы выкарыстоўваем самыя разнастайныя формы на карысць прапаганды кнігі, - гаворыць Тамара Краснова – Гусачэнка. – Гэта і вечары памяці класікаў нацыянальнай літаратуры, сумесныя мерапрыемствы ў школах, прэзентацыі кніг у бібліятэках, творчыя сустрэчы ў ВНУ і каледжах, удзел у фестывалях і конкурсах. Вельмі важная індывідуальная работа з пачынаючымі літаратарамі – юнымі паэтамі на базах бібліятэк і клубаў.
Дарэчы, тэму развіцця творчага патэнцыялу сярод маладых талентаў падтрымалі ў сваіх выступленнях сталыя паэты Мікалай Намеснікаў і Алесь Жыгуноў. Паказальны факт – пісьменнікі кіруюць літаратурнымі аб’яднаннямі: у Полацку – Мікалай Балдоўскі, у Шаркаўшчыне – Кацярына Сосна, у Оршы – Канстанцін Нілаў.
Традыцыйна пісьменнікі робяць кніжныя падарункі бібліятэкам. Значную колькасць кніг перадалі бібліятэкам вобласці Тамара Краснова – Гусачэнка, аўтары навукова-папулярных кніг, дапаможнікаў і падручнікаў для дзяцей Галіна і Сяргей Трафімавы. Дабрачынны пачын падтрымліваюць усе члены аддзялення СПБ.
Праца пісьменніка закранае ўсе плыні жыцця краіны і грамадства. Нераўнадушнае стаўленне творцаў да грамадскіх працэсаў з’яўляецца неабходнай умовай поспеху. Быць цікавым для свайго чытача – да гэтага імкнецца кожны пісьменнік.
На сходзе было абвешчана аб прысваенні звання “Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі” Ігару Пракаповічу і Галіне Трафімавай. Ганаровымі граматамі Саюза ўзнагароджаны актыўныя літаратары Алесь Жыгуноў, Мікалай Намеснікаў, Сяргей Трафімаў, Віктар Улюценка, Уладзімір Крайнеў і іншыя.
Святлана ДЗЯДЗІНКІНА, фота Алеся ЖЫГУНОВА.