У Віцебску пакажуць тэатральную версію кінафільма "Восеньская саната"
У драматычным тэатры імя Якуба Коласа 13 лістапада адбудзецца прэм'ерны паказ спектакля "Восеньская саната". Знаўцам аўтарскага кіно гэтая назва добра знаёмая. Віцебскі рэжысёр Ігар Баярынцаў стварыў сцэнічную версію знакамітай стужкі шведскага рэжысёра Інгмара Бергмана.
"Сюжэт – той жа. Пасля сямігадовага перапынку вядомая піяністка Шарлота наведвае дачку Еву. Усё жыццё заклапочаная выключна сабой, маці нават не можа ўявіць, якія пакуты перанесла Ева, пазбаўленая клопату і любові. Начная размова – менавіта так вызначаны жанр спектакля – становіцца сапраўднай споведдзю. Ці здолеюць маці і дачка паразумецца? Або ўжо ніколі нельга вярнуць згубленае?" – коратка пераказвае змест новай працы коласаўцаў кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі тэатра Марына Пятрова.
Ролю Шарлоты выконвае Ларыса Антосева, ролю Евы – Ніна Обухава, ролю Віктара – Генадзь Гайдук і Уладзімір Сівіцкі, ролю Алены – Марына Пятрова і Алена Грынь. Спектакль пастаўлены да юбілею Ларысы Антосевай. Паказ адбываецца не на вялікай сцэне, а ў тэатральнай гасцёўні. І гэта яшчэ больш набліжае акцёраў да гледача, а гледача – да акцёраў. Бо "Восеньская саната" – гэта спектакль-размова, які закранае глыбокія псіхалагічныя пытанні.