У жыхара Лепельскага раёна канфіскавана 11 кг марыхуаны
28 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Партыя марыхуаны вагой 11 кг канфіскавана ў жыхара Лепельскага раёна, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па наркакантролі УУС Віцебскага аблвыканкама Алег Суркоў.
У ходзе спецаперацыі супрацоўнікі праваахоўных органаў выявілі ў ангары каля вёскі Бароўка, арандаваным мясцовым індывідуальным прадпрымальнікам, незаконную прадукцыю. Аднак большую частку наркотыку 25-гадовы жыхар Лепельскага раёна захоўваў у васьмі схованках у лясным масіве.
Мяркуецца, што тавар паступіў з Украіны ці Расіі і прызначаўся для збыту ў моладзевых забаўляльных установах рэгіёна і сталіцы.
Цяпер устанаўліваюцца каналы паступлення наркатычнага рэчыва і далейшыя шляхі яго рэалізацыі. У дачыненні да лепельчаніна за незаконны абарот наркотыкаў у буйным памеры ўзбуджана крымінальная справа па ч.3 арт. 328 КК, якая прадугледжвае да 13 гадоў пазбаўлення волі з магчымай канфіскацыяй маёмасці.-0-