Уборку дваровых тэрыторый у Віцебску могуць зноў даручыць ЖРЭУ

Абласныя ўлады настроены на тое, каб Віцебск вярнуўся да ранейшай схемы ўборкі прыдамавых тэрыторый шматкватэрных дамоў. Гэтая тэма абмяркоўвалася на сумесным пасяджэнні абласнога Савета дэпутатаў і аблвыканкама, на якім разглядаліся пытанні навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання населеных пунктаў.

Пару гадоў таму Віцебскі гарвыканкам перадаў «Зелянхозу» ад ЖРЭСа ўборку прыдамавых тэрыторый. Прадпрыемства пачало з аптымізацыі штата дворнікаў, скараціўшы іх колькасць з 650 да 320 чалавек. Павелічэнне нагрузкі з аднаго да трох дамоў, невялікія заробкі не маглі не адбіцца на якасці працы.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ЖКГ аблвыканкама Юрый Дзядзёла лічыць, што пагаршэнне стану прыдамавых тэрыторый відавочнае, пра гэта сведчаць і скаргі жыхароў горада.

У выніку рэформы ў аднаго дома з'явілася тры гаспадары. За ўборку месцаў агульнага карыстання да адмосткі адказвае ЖРЭС, за кантэйнерную пляцоўку – спецаўтабаза, за прыдамавую тэрыторыю – «Зелянхоз».

Па словах старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктара Нікалайкіна, цяпер «Зелянхоз» дадаткова набраў 94 дворнікаў, не хапае яшчэ парадку 70 чалавек. У красавіку гэтае пытанне павінна быць урэгулявана.

Начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Генадзь Грабнёў упэўнены, што справа не ў колькасці. Проста «Зелянхоз» не выконвае сваю працу. Калі дворнік будзе знаходзіцца на замацаванай тэрыторыі восем гадзін, то з'явіцца і вынік.

Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў адзначыў, што добрае жаданне падняць эканоміку прадпрыемства ў выніку прывяло да незадаволенасці жыхароў. Няхай «Зелянхоз» займаецца ўласнай дзейнасцю: вырошчвае кветкі, уладкоўвае і даглядае клумбы, малыя архітэктурныя формы, лічыць кіраўнік вобласці.

Канчатковае рашэнне аб аператары па ўборцы прыдамавых тэрыторый будзе прынята праз тыдзень.

"Віцебскія весці".