Уборачная кампанія ў Віцебскай вобласці праходзіць без надзвычайных здарэнняў
9 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Уборачная кампанія ў Віцебскай вобласці праходзіць без здарэнняў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў першы намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржінспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сяргей Ануфрыеў.
"Па стане на 9 жніўня, ахвяр і цяжкага траўміравання работнікаў сельгаспрадпрыемстваў непасрэдна падчас уборкі ўраджаю не дапушчана", - сказаў Сяргей Ануфрыеў. Адзіны выпадак цяжкага траўміравання работніка галіны АПК, зарэгістраваны ў перыяд правядзення ўборачнай, адбыўся ў сельгаспрадпрыемстве "Навасёлкі-Лучай" Пастаўскага раёна на тэрыторыі мехмайстэрняў. У ходзе рамонту перадвосевай маста трактара зламаўся дамкрат, у выніку чаго 20-гадовы механізатар аказаўся прыціснуты машынай. Прычыны няшчаснага выпадку высвятляюцца.
У мэтах прадухілення надзвычайных сітуацый нагляд за выкананнем заканадаўства аб ахове працы на сельскагаспадарчых прадпрыемствах вобласці ажыццяўляе 26 мабільных груп. З пачатку мая імі праверана звыш 186 сельгасарганізацый. Па выніках праверак дзяржінспектараў працы 60 інфармацыйных матэрыялаў аб выяўленых парушэннях накіравана ў выканкамы і 33 - у органы пракуратуры.
Сярод найбольш распаўсюджаных парушэнняў, устаноўленых у ходзе праверак, - занядбанне правілаў бяспекі, выкарыстанне тэхнікі без правядзення тэхаглядаў, допуск механізатараў да працы без праходжання перадрэйсавага медыцынскага агляду. Акрамя таго, у некаторых выпадках тэхніка, задзейнічаная на нарыхтоўцы кармоў, не забяспечана вогнетушыцелямі, аптэчкамі, проціваадкатнымі ўпорамі. Усё гэта сведчыць, што парушэнні патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы па-ранейшаму носяць распаўсюджаны характар у аграпрамысловым комплексе рэгіёна, рэзюмаваў Сяргей Ануфрыеў.-0-