Вучні Віцебскай СШ №8 дапамаглі знайсці астанкі 132 воінаў каля вёскі Навароцце Лёзненскага раёна
Усё пачалося з таго, што хлопцы – члены патрыятычнага атрада «Праметей» СШ № 8 ім. А. Іспенкова, папрасілі мяне навучыць іх чытаць тапаграфічныя карты з прывязкай да сучаснага рэльефу мясцовасці, – падзеліцца кіраўнік атрада Дзмітрый Гантман. – На бліжэйшым занятку пад рукой апынулася копія аэрафотаздымкі за 1944 год участка мясцовасці пад Віцебскам. Калі яны сталі з дапамогай спецыяльнага прыкладання на смартфоне сверыць даныя адной і другой карт, то…
– Дзмітрый Сяргеевіч, паглядзіце, тут прама каля дарогі пагоркі ў шэраг, як на могілках, а на сучаснай карце пагоста няма, толькі лес, – ашаламілі яны.
– Сапраўды, вострыя вочы дзяцей разгледзелі на пляскатай копіі карты 1944 года пахаванні. Сталі разбірацца. З дапамогай архіўных дакументаў высветлілася, што ў гэтым месцы ў канцы 1943-га – пачатку 1944 года знаходзіўся 13-ы АМСБ (асобны медсанбат) 17-й гвардзейскай стралковай Духаўшчынскай дывізіі, якая 19 снежня 1943 года пры падтрымцы 28-й танкавай брыгады пайшла ў наступленне на ворага, – працягнуў Дзмітрый Гантман. – Я перадаў інфармацыю ў міжнароднае пошукавае аб'яднанне «Заходні рубеж». Літаральна днямі кіраўнік гэтага аб'яднання Валерый Кузьмін сумесна з байцамі 52-га пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь скончылі пошукавыя работы каля вёскі Навароцце (гэта на мяжы Віцебскага і Лёзненскага раёнаў), у тым месцы, якое паказалі навучэнцы СШ № 8. Тут пошукавікі знайшлі астанкі 132-х салдат Чырвонай Арміі, гераічна загінулых пры вызваленні Віцебска і нашай роднай Беларусі. Астанкі герояў пасля дэталёвага вывучэння будуць перапахаваны з ушанаваннямі.