Удзел Беларусі ў "Усходнім партнёрстве" палегчыць эканамічныя кантакты з Латвіяй - мэр Даўгаўпілса
24 красавіка, Даўгаўпілс /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Удзел Беларусі ў праграме ЕС "Усходняе партнёрства" палегчыць эканамічныя кантакты з латвійскімі рэгіёнамі. Надзею на гэта ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказала старшыня Даўгаўпілскай гарадской Думы Рыта Стродэ, якая прымала ўдзел у адкрыцці бізнес-форуму "Дні Віцебскай вобласці ў Латгаліі".
Дружалюбныя кантакты і жаданне супрацоўнічаць з Беларуссю заўсёды былі і застаюцца ў латвійскіх рэгіёнаў. Палітыкам пара клапаціцца аб дабрабыце і дастатку простых людзей, а не дзяліць свет, сказала мэр Даўгаўпілса. "Здаровы сэнс павінен узяць верх над палітычнымі падпольнымі гульнямі. Цяпер не час думаць пра палітыку, а час думаць пра чалавека", - дадала Рыта Стродэ.
На яе думку, прадуктыўныя міжрэгіянальныя кантакты, якія цяпер усталёўваюцца паміж беларускімі і латвійскімі гарадамі і раёнамі, будуць спрыяць эканамічнаму росту дзяржаў.
У сакавіку на пасяджэнні Еўрапейскага савета ў Бруселі ў новую праграму ЕС уключаны шэсць дзяржаў: Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна. "Усходняе партнёрства" прадугледжвае эканамічную інтэграцыю і збліжэнне ЕС з гэтымі дзяржавамі. -0-