Удзельнікамі міжнароднага гіравога чэмпіянату ў Віцебску стануць спартсмены ва ўзросце ад 5 да 87 гадоў

7 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Міжнародны гіравы чэмпіянат пройдзе ў Віцебску 7-9 верасня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім гарвыканкаме. Мерапрыемства адбудзецца на базе Цэнтральнага спартыўнага комплексу "Дынама". Яго ўдзельнікамі стануць больш за 170 спартсменаў з 13 краін блізкага і далёкага замежжа. Беларусь будуць прадстаўляць каля 30 чалавек. Спаборніцтвы арганізаваны па ўзроставых катэгорыях, якія падзелены на пяцігадовыя перыяды, пачынаючы з пяці гадоў. Пры гэтым самым юным удзельнікам спаборніцтва стане 5-гадовы дашкольнік, а самым узроставым - 87-гадовы ветэран Вялікай Айчыннай вайны з Украіны. Вага гір, якія спартсменам трэба будзе падымаць, таксама істотна розніцца - ад 4 кг да 50 кг. У ходзе чэмпіянату прэтэндэнты на перамогу выканаюць розныя комплексы практыкаванняў: "Алімпійскае траебор'е", "Спрынт", "Гіравое мнагабор'е", "Марафон" (падыманне гір на працягу гадзіны і больш), "Паўмарафон" (падыманне гір на працягу 30 хвілін), "Вольная намінацыя" (для падымання выкарыстоўваюцца гіры любой вагі). Рэгістрацыя ўдзельнікаў пачынаецца сёння. Непасрэдна спаборніцтвы пройдуць 8-9 верасня. Уваход для гледачоў вольны. Узнагароджанне пераможцаў у намінацыях будзе праводзіцца па меры выступлення спартсменаў. Арганізатарамі мерапрыемства з'яўляюцца Міжнародная канфедэрацыя майстроў гіравога спорту, Віцебскія аблвыканкам і гарвыканкам.-0-