Удзельнікі велапрабегу даставяць у Полацкі раён часцінку Вечнага агню з Кургана Славы

Веласіпедысты даставяць 3 ліпеня ў Полацкі раён факел, запалены ад Вечнага агню на мемарыяльным комплексе "Курган Славы", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у Полацкім райвыканкаме.

У раёне 1 ліпеня стартуе велапрабег "Агонь Вызвалення": 15 полацкіх веласіпедыстаў адправяцца ў Мінскую вобласць, дзе на Кургане Славы ад Вечнага агню запаляць факел, з якім 3 ліпеня плануюць вярнуцца ў Полацкі раён. Па маршруце руху палачане будуць рабіць прыпынкі каля воінскіх пахаванняў і ля абеліскаў, каб ушанаваць памяць герояў і ўскласці кветкі. Усяго ўдзельнікам велапрабегу трэба будзе пераадолець больш за 500 км (зваротны шлях палачане зробяць з запаленым факелам).

У Дзень Незалежнасці веласіпедысты даставяць агонь на Курган Бессмяротнасці (Полацкі раён) і прымуць удзел у патрыятычным мерапрыемстве "Беларусь мая - гонар і слава!". На памятным месцы адбудзецца мітынг з тэатралізацыяй і ўрачыстай дэманстрацыяй вымпела "За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны", якім у адпаведнасці з указам Прэзідэнта ў 2009 годзе быў узнагароджаны горад Полацк. Акрамя гэтага, на Кургане Бессмяротнасці адбудзецца акцыя "Алея спаленых вёсак": кадэты і піянеры прадставяць населеныя пункты раёна, якія былі спалены нямецка-фашысцкімі захопнікамі, у памяць аб загінуўшых запаляць лампадкі. На ўрачыстасць запрошаны ганаровыя госці - вызваліцелі Полацка з Беларусі, Расіі і Украіны.

У Полацкім раёне фашысты спалілі 53 вёскі (11 – населеныя пункты знішчаны разам з усімі жыхарамі, 42 – з часткай насельніцтва). Гэтыя вёскі пасля вайны так і не аднавіліся. "Для жыхароў Палачаншчыны Вялікая Айчынная вайна стала выпрабаваннем на мужнасць. 17 палачанам прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Волю і незалежнасць краіны адстойвалі Таццяна Марыненка, Зінаіда Тусналобава-Марчанка, Аляксандр Гаравец, Іван Аляксееў, Віктар Еранько, Сцяпан Пашкевіч і інш. Мерапрыемствы на Кургане Бессмяротнасці – гэта перш за ўсё даніна павагі воінам-пераможцам, якія цаной вялікіх намаганняў і ахвяр адстаялі свабоду і незалежнасць краіны падчас Вялікай Айчыннай вайны", – падкрэслілі ў райвыканкаме.

Алена Ціханава