Удзельнікі велапрабегу "Парыж-Масква" развіталіся з гасціннай Беларуссю і накіраваліся ў Маскву
19 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Удзельнікі пятага велапрабегу за мір "Парыж-Масква" развіталіся з гасціннай Беларуссю і накіраваліся ў Расію, паведаміў сёння карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела спорту і турызму Лёзненскага райвыканкама Андрэй Цвяткоў.
Лёзна стала апошнім беларускім населеным пунктам, дзе спыняліся спартсмены-аматары. Па традыцыі, іх сустрэлі хлебам і соллю, пачаставалі беларускімі нацыянальнымі стравамі, расказалі пра гісторыю гераічнай лёзненскай зямлі.
Пяты веламарафон праводзіцца арганізацыяй "Веласіпед за мір і новыя энергіі" ў рамках руху за мір і ўзаемадзеянне паміж народамі. Сёлета ён прысвечаны 65-годдзю вызвалення Еўропы ад фашызму. Марафон агульнай працягласцю больш за 4 тыс. км стартаваў 4 ліпеня ў Парыжы. Яго ўдзельнікі прыбылі ў Беларусь 6 жніўня з Польшчы і праехалі па рэспубліцы 942 км. Яны пабывалі ў вялікіх і малых гарадах краіны, у тым ліку наведалі Брэст, Кобрын, Нясвіж, Мінск, Лепель, Віцебск, пазнаёміліся з беларусамі і мясцовымі славутасцямі.
Як адзначыў каардынатар велапрабегу па Беларусі Валерый Рассолька, у складзе каманды, якая праехала па краіне, 16 чалавек - немцы, расіяне і беларусы. Самаму паважанаму ўдзельніку велапрабегу Экорду Шнайдэру споўнілася 72 гады. Ён падарожнічае ад самага старту. Сёння да ўдзельнікаў марафону далучыліся яшчэ трое веласіпедыстаў - жыхароў Віцебска. Усе разам яны 27 жніўня фінішуюць у Маскве на Чырвонай плошчы.-0-