Удзельнікі «Віцебска-2011» лічаць любоў гледачоў і авацыі найлепшай узнагародай
13 ліпеня, Віцебск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Удзельнікі конкурсу "Віцебск-2011", які прайшоў на "Славянскім базары", лічаць гледацкую любоў і авацыі лепшай узнагародай. Аб гэтым выканаўцы расказалі журналістам, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Прадстаўніца Расіі Мары Карнэ прызналася, што лічыць "Віцебск-2011" лепшай падзеяй у сваім жыцці. "Вядома, заўсёды можна выступіць лепш, але з рашэннем журы не паспрачаешся", - сказала яна. Мары адзначыла, што вельмі любіць сваю краіну, а таму галоўным для яе было выступіць на конкурсе годна. Выканаўцы асабліва спадабалася спяваць у суправаджэнні Нацыянальнага канцэртнага аркстра пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга. "Выступленне разам з аркестрам усё ў корані мяняе – спяваць лёгка і прыемна", - сказала Мары.
Уражаннямі ад удзелу ў конкурсе з журналістамі падзяліўся і Давід Дэйл з Чэхіі. "Мне спадабалася выступаць з аркестрам, гэта было проста цудоўна. Я зрабіў усё, што мог", - сказаў Давід, дадаўшы, што адзінае, што крыху перашкодзіла яму на сцэне Летняга амфітэатра, - спякота. У планах чэшскага выканаўцы – завяршыць працу над другім альбомам і працягнуць займацца музыкай.
Літоўская выканаўца Рута, як і яе калегі, на віцебскай сцэне адчувала сябе вельмі камфортна, і ў гэтым не апошнюю ролю адыграла падтрымка гасціннай беларускай публікі. Рута прызналася, што ацэнка судзейскай калегіі значыць для яе значна менш, чым гледацкія авацыі. "Можа, калісьці ў мяне і быў спартыўны інтарэс перамагчы, але цяпер для мяне самае вялікае задавальненне - выйсці на сцэну, правесці час у Віцебску. Тут вельмі добра. "Славянскі базар" - выдатны фестываль. А выступленне з аркестрам - сапраўднае цуда", - адзначыла яна.
Уладзімір Квасніца з Украіны адзначыў, што сваімі песнямі сказаў гледачам усё, што хацеў. "Для мяне гэта – галоўнае журы", - сказаў Уладзімір.
Па выніках першага конкурснага дня на "Віцебску-2011" лідзіруе беларуская конкурсантка Алёна Ланская (179 балаў). Услед за ёй ідуць Уладзімір Квасніца з Украіны (174 балы), Давід Дэйл з Чэхіі (170) і Рута з Літвы (170).
Конкурсныя выступленні завяршыліся, аднак інтрыга вырашыцца 13 ліпеня – у гэты дзень адбудзецца цырымонія ўзнагароджання, бо ўладальнік найбольшай колькасці балаў не заўсёды атрымлівае Гран-пры фестывалю. Акрамя таго, па ўмовах конкурсу журы можа дзяліць другую і трэцюю прэміі. Гран-пры ХХ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2011" складае $15 тыс. Уладальнікі I, II і III прэмій атрымліваюць прэміі ў памеры $9 тыс., $6 тыс., $3 тыс. адпаведна. Акрамя грашовых прэмій прызёры і ўладальнік Гран-пры атрымліваюць спецыяльны прыз "Ліра" і дыпломы.-0-