Свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы-2013» збярэ ўдзельнікаў з дзевяці краін

Удзельнікаў з дзевяці краін збярэ свята традыцыйнай культуры "Браслаўскія зарніцы-2013", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Браслаўскім райвыканкаме.

Удзельнікамі трохдзённага мерапрыемства стануць каля 1 тыс. чалавек. Гэта ўдзельнікі хароў, выканаўцы, народныя майстры, члены клубаў гістарычнай рэканструкцыі, а таксама шматлікія госці свята, якія сабраліся ў Браславе з розных рэгіёнаў Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны, Арменіі і Венесуэлы.

Першы дзень форуму 31 мая адкрыецца ў раённым Доме культуры святам дзіцячай творчасці да Дня абароны дзяцей "Вясёлы спеў - кудмень старонкі роднай" і дзіцячай дыскатэкай "Калі шчасце ёсць на свеце, то яно завецца дзеці". 1 чэрвеня ў гэтае вяселае кружэнне ўплятуцца афіцыйныя ноткі.

У гэты дзень у будынку райвыканкама адбудзецца прэс-канферэнцыя з кіраўнікамі дэлегацый, членамі аргкамітэта, на якой будуць пазначаны асноўныя акцэнты мерапрыемства. Затым на плошчы каля касцёла Святой Дзевы Марыі ўдзельнікаў і гасцей "Браслаўскіх зарніц" аб'яднае цырымонія адкрыцця свята. Калейдаскоп падзей працягне абласны агляд-конкурс вакальна-харэаграфічных калектываў "Браслаўскія харавыя асамблеі" і канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча.

Мерапрыемствы адбудуцца і на іншых пляцоўках горада. Так, у Музеі традыцыйнай культуры адкрыецца вернісаж "Нас з'яднала Браслаўская зямля". А ўвечары на Замкавай гары ў рамантычнасць мінулых стагоддзяў усіх сабраных акуне прадстаўленне "Меч Брачыслава" з удзелам рыцарскіх клубаў, завяршэннем якога стане маляўнічы феерверк.

Яркімі акцэнтамі апошняга дня свята 2 чэрвеня стануць тэатралізаванае шэсце ўдзельнікаў і гасцей свята ад гарадской плошчы да лесапарку "Ляснічоўка", гала-канцэрт, конкурс падворкаў "Браслаўскі фальварак" і народнае гулянне.

БЕЛТА