Навучальны працэс адноўлены ва ўсіх школах Віцебскай вобласці

3 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Захворванне на рэспіраторныя інфекцыі і грып у Віцебскай вобласці ідзе на спад, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца аддзела эпідэміялогіі Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Святлана Радзішэвіч. Аператыўна-умоўны нарматыўны крытэр захворвання на рэспіраторныя інфекцыі на працягу некалькіх дзён не перавышае нарматыву ва ўсіх чатырох кантрольных гарадах вобласці - Віцебску, Полацку, Наваполацку, Оршы. З 3 снежня спынена дзеянне абмежавальных мерапрыемстваў у Наваполацку. У бліжэйшы час мяркуецца іх адмяніць у Оршы і Полацку. Вучэбны працэс адноўлены ва ўсіх школах Віцебскай вобласці. Па дадзеных абласной санэпідслужбы, у Віцебскай вобласці з 1 лістапада па 2 снежня вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі і грыпам перахварэлі 114 492 чалавекі, 42,7% з іх - дзеці. Гаспіталізаваны былі 3,2 тыс. чалавек, 54,3% з якіх - дзеці. Медыкі вобласці вядуць актыўную прафілактычную працу сярод насельніцтва. Па дадзеных на 1 снежня амаль 116 тыс. жыхароў вобласці прышчэплены ад сезоннага грыпу. За кошт рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў вакцынаваны звыш 110 тыс. дарослых і дзяцей, за кошт сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый - больш за 5,5 тыс. работнікаў. Працягваецца вакцынацыя цяжарных жыхарак вобласці за кошт мясцовага бюджэту.-0-