Вучэбны цэнтр на базе Парку высокіх тэхналогій пачне працу ў 2010 годзе
8 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Вучэбны цэнтр на базе Парка высокіх тэхналогій (ПВТ), які ствараецца пры падтрымцы ўрада Індыі, пачне працу ў 2010 годзе. Пра гэта паведаміў сёння намеснік дырэктара адміністрацыі ПВТ Аляксандр Марцінкевіч на цырымоніі адкрыцця гарадскога рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій у Оршы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У адпаведнасці з падпісаным мемарандумам аб супрацоўніцтве індыйскі ўрад выдзяляе тэхнічны грант на аснашчэнне вучэбнага цэнтра адпаведным абсталяваннем. У перспектыве на базе цэнтра будзе створана IT-акадэмія, якая зоймецца падрыхтоўкай кадраў для кампаній - рэзідэнтаў ПВТ. У 2010 годзе плануецца прыступіць да праектавання асобнага будынка для гэтай навучальнай установы ПВТ.
Акрамя таго, адміністрацыя ПВТ сумесна з адным з рэзідэнтаў парка плануе запусціць пілотны варыянт праграмы па ўкараненні сістэмы дыстанцыйнага навучання ў адной з агульнаадукацыйных навучальных устаноў краіны. "Да пачатку новага навучальнага года мы прапануем сістэму дыстанцыйнага навучання па асобных прадметах школьнай праграмы, якія дзеці змогуць вывучаць, не выходзячы з дома", - паведаміў Аляксандр Марцінкевіч. Адміністрацыя ПВТ таксама мае намер больш актыўна ўкараняць адукацыйныя праграмы па інфармацыйных тэхналогіях у праграму сярэдняй школы ў выглядзе факультатываў.-0-