Вучэнні МНС прайшлі на чыгуначнай станцыі ў Воршы
Паводле задумы вучэнняў, у выніку выбуху на 48-м пуці адбылася разгерметызацыя катла цыстэрны, якая перавозіць звадкаваны аміяк. У выніку газападобнае воблака аміяку распаўсюдзілася ў напрамку жылых забудоў. Супрацоўнікі праваахоўных органаў ачапілі месца НС.
Неадкладна былі арганізаваны апавяшчэнне, эвакуацыя адміністрацыі і грамадзянскага персаналу з будынка вакзала. Для ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі ратавальнікі прыцягнулі пажарны цягнік і прынялі ўсе неабходныя меры па асаджанні атрутнага воблака аміяку.
Спецыялісты цэнтра гігіены і эпідэміялогіі правялі замеры ўзроўню канцэнтрацыі рэчыва ў паветры, а медыкі аказалі першую дапамогу пацярпелым. Не засталіся ўбаку і прадстаўнікі Чырвонага Крыжа – псіхалагічная падтрымка была як нельга дарэчы.
Іншымі словамі, усе прыцягнутыя службы раёна з задачай вучэнняў справіліся на выдатна.
«Адзіны дзень бяспекі» працягнулі канцэртная праграма ў ГЦК «Перамога», выстава аварыйна-выратавальнай тэхнікі, інтэрактыўныя конкурсы аб бяспецы.