Вучэнні па ліквідацыі буйнага ляснога пажару прайшлі ў Гарадоцкім раёне
Вучэнні праводзіліся ў рамках вучэбна-метадычнага збору з кіруючым складам мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў Віцебскай вобласці па пытаннях забеспячэння бяспекі ў веснава-летні пажаранебяспечны перыяд. У іх прынялі ўдзел работнікі МНС і Віцебскага дзяржаўнага лесагаспадарчага аб'яднання (ВДАЛГА).
На тэрыторыі былога аэрадрома паблізу вёскі Верамееўка прайшла практычная частка. Па задуме вучэнняў усталяванае анамальнае гарачае і засушлівае надвор'е прывяло да шматлікіх узгаранняў сухой расліннасці на тэрыторыі Гарадоцкага раёна з наступным пераходам у лясны пажар. Таксама агонь стварыў пагрозу прыватным домаўладанням населеных пунктаў і аб'ектам Міністэрства абароны, прылеглым да лясных масіваў.
Ад Віцебскага ВДАЛГА паралельна з вучэннямі ў галіновым конкурсе выступілі 19 каманд лясгасаў. У іх задачу ўваходзіла аператыўнае баявое разгортванне і тушэнне ўмоўнага ачага пажару да прыбыцця ратавальнікаў. На вучэннях ролю полымя выконвалі мішэні са светлавой індыкацыяй. Лепш за ўсё справілася са сваёй задачай каманда Аршанскага лясгаса. Другое месца занялі "гаспадары поля" - работнікі Гарадоцкага лясгаса. Тройку лідэраў замкнула каманда Расонскага лясгаса.
Работнікі МНС удзельнічалі ў тушэнні ляснога пажару і займаліся выратаваннем і эвакуацыяй жыхароў з зоны ўзгарання. Работнікі пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада (ПАВА) "Віцязь" на квадрацыклах эвакуіравалі пацярпелых у бяспечную зону і перадалі іх медслужбе ПАВА. Ратавальнікі выканалі пастаўленыя задачы на выдатна і неўзабаве надзвычайная сітуацыя была ліквідаваная.
Упершыню ў падобных вучэннях была задзейнічана гусенічная пажарная машына ГПМ-54, створаная на аснове танка Т-54. Яна прызначана для тушэння пажараў у асабліва складаных умовах і маштабных надзвычайных сітуацыях. Адной з асноўных асаблівасцей такой тэхнікі з'яўляецца яе здольнасць тушыць пажар зверху. У ёмістасці машыны змяшчаецца 9 т вады або паветрана-механічнай пены. З ствала вада б'е фантанам і гасіць агонь з верхавін дрэў. Далёкасць воднай струмені - 60 м. Машына мае высокую праходнасць, яна можа валіць дрэвы і пракладваць дарогу ў лесе, рухаючыся да месца ўзгарання. Для прадухілення перакідання пажару на жылыя і вытворчыя пабудовы ГПМ-54 тараниць будынкі, складаючы іх, як картачныя домікі, а затым прыступае да ліквідацыі пажару. Акрамя таго, корпус машыны браніраваны - ён абараняе экіпаж, у тым ліку падчас тушэння пажару на складах боепрыпасаў, выбуховых і гаруча-змазачных рэчываў. Працу "пажарнага танка" прадэманстравалі ў гэты раз на вучэннях у Гарадоцкім раёне.
Тут была задзейнічана і авіяцыя МНС Рэспублікі Беларусь - верталёты Мі-8 і Мі-26 з вадазліўнымі прыладамі, якія гасілі вадой зверху пажар ва ўмоўным лясным масіве. Эфектна выглядала, як з вадазліўных прылад, падвешаных на тросах, уніз імкнецца паток вады, які дакладна трапляе на ачаг узгарання.
Таксама на месцы ўмоўнай НС працавала іншая спецыяльная тэхніка органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, Віцебскага ГПЛХА, Міністэрства абароны і інш. Усяго для арганізацыі правядзення вучэнняў прыцягнута каля 40 адзінак тэхнікі, удзельнічала больш за 100 чалавек асабовага складу ўстаноў і арганізацый вобласці.
Пасля завяршэння вучэнняў напярэдадні 25-годдзя ПАСА "Віцязь", які быў утвораны 19 красавіка 1996 года, адметным работнікам атрада ўручылі заслужаныя ўзнагароды. У мерапрыемстве прыняў удзел першы намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Аляксандр Худалееў. Ён адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі ратавальнікаў Віцебшчыны.-0-