Навукоўцы з 6 краін абмяркуюць у Віцебску вынікі даследаванняў па перспектыўных тэхналогіях
25 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Міжнародны сімпозіум "Перспектыўныя матэрыялы і тэхналогіі" адкрыецца 26 мая ў Віцебску з удзелам вучоных з Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы, Латвіі і Малдовы, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі Юрый Царэнка.
Усяго на традыцыйным навуковым форуме ў абласным цэнтры збяруцца каля 100 вядучых вучоных і спецыялістаў. У ходзе сімпозіума будуць прадстаўлены вынікі тэарэтычных і эксперыментальных даследаванняў уплыву высокаэнергетычных уздзеянняў на трываласць і пластычнасць матэрыялаў, цікавасць да якіх у свеце значна ўзрасла ў апошнія гады, адзначыў Юрый Царэнка. Паводле яго слоў, вырашэнне задач, якія ляжаць у аснове стварэння новых тэхналагічных працэсаў, шмат у чым звязана з разуменнем фізічных механізмаў дэфармавання, сінтэзу, тэрмічнай апрацоўкі матэрыялаў. На сімпозіуме плануецца разгледзець найбольш актуальныя напрамкі матэрыялазнаўства і фізікі кандэнсаванага стану.
Большасць дакладаў будзе прысвечана даследаванням, якія маюць як навуковае, так і практычнае значэнне, падкрэсліў Юрый Царэнка. Напрыклад, значную цікавасць уяўляюць даследаванні нанаструктурных і субмікракрысталічных металаў, атрыманых уздзеяннем інтэнсіўнай пластычнай дэфармацыі, у якіх выяўлены нізкатэмпературныя анамаліі зярніста-межавай дыфузіі. ІТА НАН Беларусі прадставіць адну з новых распрацовак - тэхналогію аднаўлення дэталяў метадам газадынамічнага напылення, якая ўжо выкарыстоўваецца на авіярамонтных прадпрыемствах Беларусі. Гэтая тэхналогія дазваляе наносіць пакрыцці з металаў, сплаваў, сумесей парашкоў, у тым ліку з неметаламі, палімерамі, на вырабы з металаў і дыэлектрыкаў, уключаючы кераміку і шкло. Нанясенне пакрыццяў ажыццяўляецца высокахуткасным патокам "халодных" часціц парашка, паскораных звышгукавой бруёй газу пры тэмпературы, істотна ніжэйшай за тэмпературу плаўлення матэрыялу часціц. Следствам гэтага з'яўляецца адсутнасць у пакрыццях скразных пор, мінімальнае ўтрыманне аксідаў, што забяспечвае высокую якасць пакрыццяў, а таксама нізкія энергетычныя затраты ў параўнанні з тэрмічнымі метадамі напылення.
Арганізатарамі сімпозіума, які завершыцца 29 мая, выступаюць Інстытут тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі і Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт пры падтрымцы Міждзяржаўнага каардынацыйнага савета па фізіцы трываласці і пластычнасці матэрыялаў краін СНД.-0-