Навукоўцы з пяці краін абмяркуюць у Віцебску пытанні артэрыяльнай гіпертэнзіі

20 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Вучоныя з Беларусі, Расіі, Польшчы, Швецыі і Грэцыі абмяркуюць у Віцебску пытанні захворвання на артэрыяльную гіпертэнзію. Пятая міжнародная канферэнцыя з іх удзелам адбудзецца 21-22 мая на базе Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (ВДМУ), паведаміў карэспандэнту БЕЛТА загадчык кафедры тэрапіі №1 факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў ВДМУ Уладзіслаў Падпалаў. У мерапрыемстве возьмуць удзел больш як 500 чалавек, сярод іх як дасведчаныя вядомыя вучоныя, практыкуючыя ўрачы, так і студэнты ВДМУ. У першы дзень канферэнцыі адбудзецца агульны сход, на якім будуць агучаны актуальныя аспекты выяўлення і лячэння артэрыяльнай гіпертэнзіі, абмяркуюцца абласная праграма па барацьбе з гэтым захворваннем. Плануецца зацвердзіць новыя нацыянальныя рэкамендацыі па прафілактыцы гіпертэнзіі. Не абыдзецца і без майстар-класаў: на базе кардыялагічнага дыспансера грэчаскія вучоныя прадэманструюць апарат, які дазваляе прагназаваць развіццё атэрасклерозу. У другі дзень канферэнцыі асноўная ўвага будзе нададзена пытанням першаснага звяна. Мерапрыемства праводзіцца ў рамках Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі. Яго значнасць абумоўлена тым, што ў структуры смяротнасці насельніцтва больш як 50% прыпадае на хваробы кровазвароту, адзначыў Уладзіслаў Падпалаў.-0-