Навукоўцы з сямі краін абмяркуюць праблемы супастаўляльнага мовазнаўства на канферэнцыі ў Віцебску

19 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 100 вучоных і спецыялістаў-філолагаў прымуць удзел у VIII Міжнароднай навуковай канферэнцыі "Беларуска-руска-польскае супастаўляльнае мовазнаўства і літаратуразнаўства", якая пройдзе 22-24 кастрычніка ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла загадчыца кафедры агульнага і рускага мовазнаўства ўніверсітэта доктар філалагічных навук, прафесар Ганна Мезенка. У Віцебску збяруцца прадстаўнікі навуковых і адукацыйных устаноў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны, Латвіі, Канады і Кітая. У ходзе навуковага форуму ўдзельнікі абмяркуюць шырокі спектр тэарэтычных праблем генетычных і тыпалагічных адносін паміж мовамі, а таксама розных узроўняў моўных сістэм. У цэнтры дыскусій вучоных будуць разнастайныя аспекты мовы, непасрэдна звязаныя з функцыянаваннем чалавека ў грамадстве. Спецыялісты прадставяць вынікі даследаванняў па структурна-семантычных аспектах вывучэння моўных сродкаў, разгледзяць праблемныя пытанні этналінгвістыкі, дыялекталогіі, кагнітыўнай і камунікатыўнай лінгвістыкі. Упершыню на канферэнцыі будуць узняты праблемы руска-кітайскага і беларуска-кітайскага супастаўляльнага мовазнаўства. Па выніках форуму плануецца выдаць зборнік матэрыялаў. Канферэнцыя арганізавана Віцебскім дзяржуніверсітэтам імя П.Машэрава пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Беларускім рэспубліканскім фондам фундаментальных даследаванняў і Інстытутам польскім у Мінску.-0-