Вучоныя краін СНД і Усходняй Еўропы абмяркуюць у Віцебску праблемы кафедраў анатоміі
14 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Вучоныя медыцынскіх ВНУ краін СНД і Усходняй Еўропы збяруцца ў Віцебску на канферэнцыі "Навуковая арганізацыя дзейнасці анатамічных кафедраў у сучасных умовах", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА загадчык кафедры анатаміі чалавека Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (ВДМУ) доктар медыцынскіх навук Аляксандр Усовіч. Канферэнцыя пройдзе 4-5 лістапада ў ВДМУ.
Усяго ў мерапрыемстве плануюць прыняць удзел каля 100 вучоных і спецыялістаў-анатамаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Малдовы, цікавасць да навуковага форуму праявілі прадстаўнікі Германіі, Балгарыі, Польшчы, краін Прыбалтыкі. Асноўным пытаннем канферэнцыі стане абмеркаванне праблем забеспячэння навучальнага працэсу і навуковых даследаванняў па анатамічных спецыяльнасцях, папаўнення фондаў анатамічных і гісталагічных прэпаратаў у медыцынскіх ВНУ і навукова-даследчых цэнтрах. Складанасць гэтых пытанняў абумоўлена неабходнасцю выкарыстоўваць у навучальным працэсе натуральных біяматэрыялаў, праца з якімі ў сваю чаргу закранае кампетэнцыю розных ведамстваў, а таксама этычныя пытанні, адзначыў Аляксандр Усовіч.
На пленарных пасяджэннях удзельнікі форуму абмяняюцца вопытам па арганізацыі работы анатамічных падраздзяленняў навучальных і навуковых устаноў розных краін, а таксама выпрацуюць адзіныя стандарты прававога суправаджэння дзейнасці анатамічных падраздзяленняў. Разгорнутая рэзалюцыя канферэнцыі будзе перададзена ў дзяржаўныя органы краін СНД для ўніфікацыі заканадаўчых і падзаконных актаў, якія рэгламентуюць усе напрамкі функцыянавання анатамічных інстытутаў, падкрэсліў Аляксандр Усовіч. Актуальнасць пытання звязана ў тым ліку і з вырашэннем праблем узаемнага прызнання дыпломаў ВНУ розных краін, што патрабуе выпрацоўкі ўніфікаваных падыходаў да навучальных і навукова-метадычных аспектаў рэгламентацыі работы анатамічных кафедраў ВНУ, дадаў суразмоўца.
Акрамя таго, на канферэнцыі будуць разглядацца пытанні выкарыстання інфармацыйных тэхналогій, метадычнага суправаджэння навучальнага працэсу па анатамічных спецыяльнасцях. У час работы форуму ў ВДМУ плануецца арганізаваць выстаўкі абсталявання, рэактываў для анатамічных і гісталагічных даследаванняў, а таксама друкаваных і электронных выданняў па медыка-біялагічных, педагагічных і ветэрынарных навуках.
Арганізатарам канферэнцыі выступаюць Міністэрства аховы здароўя Беларусі, Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт і Міжнародная асацыяцыя марфолагаў.-0-