Навукоўцы Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта распрацавалі комплексную сістэму дыягностыкі інфекцый

26 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Комплексная сістэма дыягностыкі інфекцый распрацавана вучонымі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры клінічнай мікрабіялогіі ВНУ Віталь Акуліч. Сістэма дыягностыкі прызначана для ідэнтыфікацыі і вызначэння адчувальнасці да антыбіётыкаў найбольш значных узбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў. Распрацоўка дазваляе палепшыць якасць і павысіць дакладнасць дыягностыкі захворванняў, што ў сваю чаргу дае магчымасць прызначэння адэкватных лячэбных і прафілактычных мерапрыемстваў, распрацоўкі эфектыўных схем антымікробнай тэрапіі. "Якасная дыягностыка дае магчымасць скараціць тэрміны знаходжання пацыента ў стацыянары і адпаведна знізіць кошт лячэння, пры гэтым якасць аказання дапамогі паляпшаецца за кошт больш дакладнага вызначэння ўзбуджальніка інфекцыі і яго адчувальнасці да таго ці іншага антыбіётыка", - падкрэсліў Віталь Акуліч. Комплексная сістэма дыягностыкі ўключае распрацаваныя віцебскімі вучонымі сем тэст-сістэм, імунаферментны аналізатар і праграмнае забеспячэнне. Забраны ў хворага матэрыял праходзіць тэсціраванне з дапамогай тэст-сістэмы, камп'ютарная праграма аналізуе вынікі тэсціравання, пасля чаго выдае вынік, у якім вызначаецца ўзбуджальнік хваробы і яго адчувальнасць да антыбіётыкаў. Комплексная сістэма адаптавана да працы ва ўмовах айчыннай аховы здароўя, гэта значыць сістэма праводзіць тэсціраванне і вызначэнне адчувальнасці мікраарганізмаў да тых антыбіётыкаў, якія зарэгістраваны Міністэрствам аховы здароўя Беларусі. Акрамя таго, выкарыстанне айчынных рэагентаў пры вырабе тэст-сістэм дазваляе знізіць іх кошт прыкладна ў 3 разы ў параўнанні з замежнымі аналагамі. Распрацоўка віцебскіх вучоных прайшла рэгістрацыю ў Міністэрстве аховы здароўя. Серыйнае вытворчасць тэст-сістэм плануецца арганізаваць на РУП "БелВітуніфарм" для бактэрыялагічных лабараторый медыцынскіх устаноў як раённага, так і рэспубліканскага ўзроўню.-0-