Настаўнікаў у Наваполацку вучаць ствараць адукацыйныя блогі
Інфармацыйныя тэхналогіі актыўна ўваходзяць у жыццё сучаснага чалавека. Не застаюцца ўбаку ад прагрэсу і педагогі. Каб дапамагчы ім разабрацца ў тонкасцях выкарыстання магчымасцей Інтэрнэту, Наваполацкі гарадскі дыгітальны цэнтр IT-акадэмія «Нота» на спецыяльных курсах «Сэрвісы веб 2.0 у працы педагога» прапануе настаўнікам і кіраўнікам навучальных устаноў асвоіць базавыя навыкі па стварэнні і суправаджэнні адукацыйнага блога.
Навучанне ўжо прайшлі каля 70 педагогаў. У кожнага з іх пасля заканчэння курсаў з'явіўся персанальны інтэрнэт-часопіс. У ім яны размяшчаюць інфармацыю ў залежнасці ад спецыфікі сваёй дзейнасці. Напрыклад, класныя кіраўнікі з дапамогай сэрвісу вядуць фота- і відэадзённікі жыцця класа, паведамляюць аб найбольш важных падзеях і мерапрыемствах вучняў і іх бацькоў. Тым у сваю чаргу можна далучыцца да абмеркавання, пакідаючы каментарыі. Настаўнікі-прадметнікі могуць дубляваць хатняе заданне, сістэматызаваць выкладзены на ўроку матэрыял у анлайн-табліцы, прапаноўваць кароткія канспекты па новых тэмах або дадатковы матэрыял для самастойнага вывучэння. У некаторых педагогаў набралася ўжо больш за сотню падпісчыкаў, якія рэгулярна сочаць за абнаўленнем інфармацыі. Кіраўнікам сэрвіс таксама прадастаўляе дадатковыя магчымасці: акрамя карысных спасылак для калег, многія ў сябе на старонцы заводзяць анлайн-прыёмныя. Пытанні і прапановы, якія паступаюць, дазваляюць удасканальваць метады і спосабы працы ўстановы.
– Спадзяемся, што створаныя ў працэсе навучання блогі стануць стартавымі пляцоўкамі для адукацыйнай практыкі нашых педагогаў, – лічыць кіраўнік дыджытал-цэнтра Ганна Цверытнева.
Многія вучні дасканала валодаюць сучаснымі інтэрнэт-сэрвісамі, так чаму б гэтымі магчымасцямі ў сваёй працы не карыстацца і настаўнікам.
Наталля Камлёва, "Віцебскія весці"