Настаўніку Марка Шагала, мастаку яўрэйскага побыту, заснавальніку першай школы малявання ў Віцебску Юрыю Пэну — 160 гадоў

Учителю Марка Шагала, живописцу еврейского быта, основателю первой школы рисования в Витебске Юрию Пэну — 160 лет

Памятны мітынг, прысвечаны 160-годдзю з дня нараджэння мастака-акадэміка Юрыя Пэна, заснавальніка ў Віцебску першай школы малявання, прайшоў на Стара-Сямёнаўскіх могілках. Прадстаўнікі грамадскасці, творчай інтэлігенцыі ўсклалі кветкі да надмагілля.

У гонар юбілейнай даты, якая адзначалася 5 чэрвеня, у Мастацкім музеі, дзе захоўваецца вялікая калекцыя жывапісных і графічных работ Пэна, былі арганізаваны экскурсіі для школьнікаў па музейнай экспазіцыі «Мастак Ю.Пэн», адбыўся дзень бясплатнага наведвання гэтай фондавай выстаўкі.

Старт святкаванню 160-годдзя чалавека-легенды, які аддаў больш за 40 гадоў жыцця Віцебску, яшчэ ў студзені даў сумесны праект «Пэн і гараджане» Мастацкага музея і газеты «Віцьбічы»: публікацыя серыі партрэтаў гараджан розных гадоў з мэтай пошуку прататыпаў.

Са знакавай датай звязаны і запланаваны да канца года шмат цікавых падзей. Цяпер у Нацыянальным Мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь праходзіць прэзентацыя карціны Пэна «Аўтапартрэт з Музай і Смерцю» з фонду Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. У ліпені ў Віцебску адкрыецца выстава «Юрый Пэн і яго вучні», у жніўні віцебскія работы майстра пэндзля будуць экспанавацца на радзіме мастака, у літоўскім Зарасаі, а таксама ў карціннай галерэі Полацкага Нацыянальнага музея-запаведніка.

Па ініцыятыве Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы Паўла Латушкі выставу жывапісу Ю.М.Пэна плануецца прадставіць у Францыі.

Наталля Крупіца, "Віцьбічы"