Установы адукацыі Віцебскай вобласці актыўна выкарыстоўваюць спадчыну праваслаўнай педагогікі

5 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 130 работ было прадстаўлена на абласным конкурсе-выставе метадычных матэрыялаў "Духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаванне навучэнцаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа", якая прайшла на базе Віцебскага абласнога інстытута адукацыі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове адукацыі. Конкурс праводзіўся ў адпаведнасці з рэспубліканскай праграмай супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквы. Асноўнай мэтай мерапрыемства з'яўляецца выяўленне і заахвочванне творча працуючых педагогаў, абагульненне і распаўсюджванне вопыту супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі і БПЦ у сферы адукацыі і духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення. На выставе можна было азнаёміцца з сацыяльна-творчымі праектамі ўстаноў адукацыі, праграмамі гурткоў і факультатываў, метадычнымі распрацоўкамі пазакласных мерапрыемстваў, матэрыяламі па рабоце з бацькамі, даследчымі праектамі, у тым ліку па праваслаўным краязнаўстве. Усяго ў мерапрыемстве прынялі ўдзел 90 сярэдніх школ, інтэрнатаў, устаноў дашкольнай адукацыі і аб'яднанняў па пазашкольнай рабоце з усіх раёнаў вобласці. Прадстаўленыя работы накіраваны на захаванне духоўна-маральнага здароўя дзяцей, іх прылучэнне да маральных і духоўных каштоўнасцей праваслаўнай культуры, а таксама на адраджэнне асноў сямейнага выхавання на аснове праваслаўных традыцый, міласэрнасці і дабрачыннасці. Частка распрацовак прадугледжвае вывучэнне гісторыі, культуры, ахову помнікаў, павышэнне агульнай культуры падлеткаў, прывіццё навыкаў беражлівых адносін да прыроды і прафілактыку правапарушэнняў. Праекты і праграмы рэалізуюцца праз узаемадзеянне школы, сям'і, царквы і грамадскіх арганізацый, пры гэтым асаблівае месца адводзіцца пераемнасці і сумеснай дзейнасці навучэнцаў розных узростаў, а таксама педагогаў і бацькоў. Па выніках конкурсу дыпломамі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама былі адзначаны работы педагагічных калектываў 26 навучальных устаноў, а таксама амаль 40 педагогаў-наватараў. Конкурс прадэманстраваў высокі творчы патэнцыял педагогаў і кіраўнікоў адукацыі, іх энтузіязм і жаданне супрацоўнічаць з Беларускай праваслаўнай царквой у справе выхавання маральна спелай, духоўна развітай асобы.-0-