Установы адукацыі Віцебскай вобласці сёлета плануюць зарабіць звыш Br9 млрд.

27 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Звыш Br9 млрд. пазабюджэтных сродкаў плануюць зарабіць установы адукацыі Віцебскай вобласці ў 2009 годзе, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Іван Шчурок. "Гэта дадатковыя сродкі, якія даюць магчымасць не толькі развіваць матэрыяльна-тэхнічную базу навучальных устаноў, але і накіроўваюцца непасрэдна на падтрымку дзяцей", - падкрэсліў ён. Толькі ў першым паўгоддзі 2009 года амаль Br530 млн. са сродкаў, заробленых установамі адукацыі, было накіравана на падтрымку навучэнцаў з малазабяспечаных і няпоўных сем'яў, дзяцей-сірот. Акрамя платных паслуг, важным крыніцай пазабюджэтных паступленняў з'яўляецца дзейнасць вучэбных гаспадарак, якія працуюць у сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У 2009 годзе ў такіх гаспадарках плануецца сабраць звыш 10 тыс.т збожжа новага ўраджаю (у 2008 годзе - каля 8,3 тыс.т). Акрамя таго, па праграме "Школьны сад" ва ўстановах адукацыі вобласці сёлета было пасаджана звыш 1,2 тыс. дрэў, больш за 500 кустоў, 25 тыс. кустоў расады, што таксама дазваляе атрымліваць дадатковы даход. На думку Івана Шчурка, дзяцей неабходна не толькі вучыць, але і рыхтаваць да жыцця, дапамагчы ім вызначыцца са сваёй будучыняй. "І калі дзіця бачыць вынікі сваёй працы, гэта выхоўвае чалавека", - упэўнены ён. У Віцебскай вобласці налічваецца 600 агульнаадукацыйных школ, у тым ліку 25 гімназій, з якіх 8 размешчаны ў сельскай мясцовасці. 1 верасня за парты сядуць больш за 120 тыс. вучняў, сярод якіх 10 тыс. 250 першакласнікаў. Акрамя таго, у вобласці больш за 30 навучальных устаноў ажыццяўляюць падрыхтоўку спецыялістаў па 67 рабочых прафесіях 134 кваліфікацый. У 2009 годзе ў прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы плануецца прыняць 10,5 тыс. навучэнцаў.-0-