Установы Віцебскай вобласці за час акцыі "Нашы дзеці" атрымалі дапамогу на Br6 млрд

Дабрачынная дапамога больш чым на Br6 млрд аказана дзіцячым установам Віцебскай вобласці за час рэспубліканскай акцыі "Нашы дзеці", паведаміў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Церанцьеў падчас сустрэчы з прадстаўнікамі ЗАТ "Белзамежбуд", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прадстаўнікі кампаніі перадалі падарункі чатыром установам Віцебскай вобласці: дзіцячай абласной бальніцы, цэнтру карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, адной з нядзельных школ і Віцебскай духоўнай семінарыі. Установы атрымалі ў дар аргтэхніку, мэблю, кнігі, развіваючыя гульні, спецыяльнае абсталяванне і мяккі інвентар.

"Акцыя "Нашы дзеці" дае магчымасць не пакінуць ніводнага дзіцяці без увагі. Падарункі атрымліваюць і рабяты, якія жывуць у сем'ях, і тыя, што знаходзяцца ў дамах-інтэрнатах і прытулках. У Віцебскай вобласці прайшло больш за 1,5 тыс. мерапрыемстваў. Дзеці атрымалі ад мецэнатаў (прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў) падарункі больш чым на Br6 млрд. Прыкладна Br1,5 млрд пайшло на набыццё спартыўнага інвентару. Вельмі радасна, што і пасля завяршэння акцыі ў гэтыя цудоўныя калядныя дні мы знайшлі яшчэ адных сяброў-мецэнатаў. Спадзяюся, што гэта першы, але не апошні крок у нашай супрацы з калектывам мінскай будаўнічай кампаніі "Белзамежбуд", - сказаў намеснік старшыні аблвыканкама.

Супрацоўніцтва будаўнічай кампаніі і ўстаноў Віцебскай вобласці стала рэальнасцю дзякуючы садзейнічанню Віцебскай епархіі БПЦ. Першы прарэктар Віцебскай духоўнай семінарыі, протаіерэй Канстанцін Ізафатаў перакананы, што людзі, якія твораць дабро, павінны аб'ядноўвацца і падтрымліваць адзін аднаго. "Дабрачыннасць і дапамога тым, хто знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, натуральная функцыя царквы. Яна заўсёды яе выконвала. Цяпер адбываецца адраджэнне царкоўнага жыцця ва ўсёй яго паўнаце. Адзін з элементаў - грамадская місія служэння. Мы вітаем усіх, хто мае магчымасць ахвяраваць і адэкватна распараджаецца сродкамі. Калі чалавек здзяйсняе такі ўчынак, гэта вялікае дабро для яго і правільны духоўны напрамак нашага жыцця", - сказаў Канстанцін Ізафатаў.

Алена Ціханава