Ці ўдаецца прадпрыемствам Віцебскай вобласці выжываць ва ўмовах крызісу? Інтэрв'ю са старшынёй камітэта эканомікі
Эканоміка краіны ў цэлым перажывае не лепшыя часы, што шмат у чым залежыць ад знешніх крызісных з'яў у дзяржавах, з якімі мы цесна звязаны ў эканамічным плане. Тым не менш на працягу года прымаліся меры, каб мінімізаваць негатыўныя з'явы. Ці ўдалося гэта зрабіць на Віцебшчыне? Як працуе эканоміка вобласці ў бягучым годзе? Якія маюцца дасягненні і праблемныя пытанні? Пра гэта ў гутарцы са старшынёй камітэта эканомікі аблвыканкама Святаславам Зароўскім.
– Святаслаў Анатольевіч, якая сёння сітуацыя ў эканоміцы вобласці? Ці змаглі мы дасягнуць станоўчых вынікаў у дастаткова няпростых умовах?
– Крызісныя з'явы запатрабавалі ад нас мабілізацыі ўсіх сіл, пастаяннага маніторынгу таго, што адбываецца ў сусветнай эканоміцы, аналізу працы асобных галін і арганізацый. У выніку агульныя намаганні – кіраўніка дзяржавы, урада, аблвыканкама, кіраўнікоў прадпрыемстваў – прынеслі свае плады: нягледзячы на складанасці, на сённяшні дзень у эканоміцы Віцебшчыны маюцца станоўчыя вынікі, няхай і невялікія. Так, на 14,4% узрасла выручка ад рэалізацыі прадукцыі (тавараў, работ, паслуг) прыдзвінскіх прадпрыемстваў. Забяспечана станоўчая рэнтабельнасць продажаў – 5,3 %. Арганізацыі вобласці зарабілі больш за 1,2 трлн рублёў чыстага прыбытку (на пачатку года быў чысты ўбытак 3,3 трлн рублёў). Мы нарасцілі вытворчасць раслінных алеяў, малочных прадуктаў, макаронных вырабаў, тэлевізійных прыёмнікаў, змазачных алеяў, упаковачных вырабаў з пластмас і іншых тавараў. Што немалаважна, трэць адгружанай прадукцыі ў агульным аб'ёме – інавацыйная, гэта самы высокі паказчык сярод іншых рэгіёнаў рэспублікі. Тавары нашых вытворцаў запатрабаваны, так што можна сказаць, што сітуацыя ў эканоміцы Віцебшчыны кантралюемая і кіраваная. Самы важны паказчык – стабільная праца ўстаноў бюджэтнай сферы.
– Ці выконваюцца прагнозныя паказчыкі, устаноўленыя ўрадам рэспублікі?
– Так, але не ўсе. Забяспечваем паказчык па энергазберажэнні. Выканана гадавое заданне па экспарце тавараў на новыя перспектыўныя рынкі: за студзень–жнівень пастаўлена прадукцыі на 6 млн долараў пры гадавым заданні 2 млн. Нарматыў па удзельнай вазе запасаў гатовых вырабаў да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці – не больш за 40%, у нас ён – 31,5%. Забяспечана станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі за кошт зніжэння імпарту, які ў вартасным выражэнні скараціўся на 234 млн долараў, што з'яўляецца вынікам мэтанакіраванай працы па імпартазамяшчэнні. Павялічыўся экспарт будаўнічых
паслуг на 17,7%, камп'ютарных – на 9,6%, паслуг па рамонце абсталявання і транспартных сродкаў – у 1,6 раза, адукацыйных – у 1,5, паслуг у галіне спорту – у 1,9 раза. Разам з тым асноўны паказчык працы эканомікі – валавы рэгіянальны прадукт – пакуль ніжэйшы за леташні. Гэта звязана са складанай абстаноўкай на рынках Расіі і Украіны, зніжэннем экспартных цэн. Аднак варта адзначыць, што хоць гэты паказчык і не дасягнуў задання, але ў бягучым годзе за 8 месяцаў у параўнанні са студзенем – ліпенем ВРП усё ж вырас на 1,6 працэнтных пункта.
– Ёсць прадпрыемствы, якія змаглі прыстасавацца да новых умоў і ў цяперашні час дастаткова ўпэўнена адчуваюць сябе на рынку. Дзякуючы якім рэзервам?
– Адзначу, што 140 арганізацый, якія мелі мінусавыя паказчыкі ў пачатку года, змаглі выйсці на бясстратную дзейнасць. Сёння большасць прамысловых прадпрыемстваў працуе з чыстым прыбыткам. Сярод іх ААТ «Полацк-Шкловалакно», «Віцебскія дываны», Віцебскі маслаэкстракцыйны завод, Віцебскі завод радыёдэталяў «Маналіт», ТАА «Кіруючая кампанія «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія «Марка», Полацкі малочны камбінат, Пастаўскі малочны завод, прыватныя «ПРА «Энергакомплект», «Белкатламаш», «Рубікон», «Вітбудтэхмаш», «Палімерканструкцыя» і іншыя. Гэта вынік своечасова праведзенай мадэрнізацыі, павышэння якасці выпускаемай прадукцыі, павелічэння долі яе інавацыйных відаў, выхаду на новыя рынкі збыту пры захаванні наяўных.
– Але ёсць і тыя, хто знаходзіцца на мяжы банкруцтва…
– У складанай сітуацыі апынуліся арганізацыі рэспубліканскага падпарадкавання ААТ «КІМ» і Віцебскі камбінат шаўковых тканін, а таксама акцыянернае таварыства з доляй камунальнай уласнасці «Купцоўъ» (Глыбокае). Як вы ведаеце, рашэннямі эканамічнага суда вобласці ў дачыненні да «КІМа» і «Купцоўъ» адкрыты ліквідацыйныя вытворчасці. Пытанне аб далейшым лёсе камбіната шаўковых тканін сёння разглядаецца. Разлічваем, што ён атрымае права на санацыю, гэта значыць аздараўленне. Хачу сказаць, што ўваходжанню любога прадпрыемства ў працэдуру банкруцтва абавязкова папярэднічаюць меры, якія прымаюцца па дасудовым аздараўленні. Гэта рэарганізацыя, аказанне дзяржаўнай падтрымкі, у тым ліку і фінансавай, рэструктурызацыя запазычанасці і іншыя. І толькі пасля таго, як прынятыя меры не далі вынікаў, прымаецца рашэнне аб эканамічнай неплацежаздольнасці.
– Прэзідэнт краіны неаднаразова казаў пра тое, што галоўная задача ў цяперашніх умовах – захаваць працоўныя калектывы. Гэта няпроста зрабіць, калі прадпрыемства вымушана пераходзіць на няпоўны працоўны тыдзень. Ці ёсць сёння такія прыклады? І як растлумачыць тое, што па дадзеных Мінфіна скараціўся штат у ААТ «Нафтан» і «Віцязь»?
– Вельмі важна, што цяпер у рэжыме поўнага працоўнага дня працуюць калектывы такіх буйных прадпрыемстваў, як Аршанскі льнокамбінат, станкабудаўнічы завод «Чырвоны Бальшавік», «Маналіт», «Віцебскія дываны», «Сцяг індустрыялізацыі», «Віцебчанка», малочныя заводы, мясакамбінаты, хлебазаводы вобласці і многія іншыя. На жаль, ёсць і негатыўныя прыклады. Так, некаторыя прадпрыемствы Мінпрама, звязаныя з пастаўкамі камплектуючых такім гігантам рэспублікі, як «МАЗ», «Гомсельмаш», «МТЗ», не маюць заказаў пад поўную загрузку, з-за чаго вымушаны скарачаць працоўны тыдзень. Што тычыцца ААТ «Нафтан», то тут скарачэнне штата адбылося ў выніку вываду са складу таварыства непрафільных актываў ( сталовых) і перадачы іх створанай юрыдычнай асобе, а таксама перадачы аб'ектаў сацыяльнай сферы (двух ясляў-садоў, дзіцячага
аздараўленчага лагера «Ленінец») у камунальную ўласнасць Наваполацка, вываду з эксплуатацыі вытворчых магутнасцей па выпуску нерэнтабельнага віду прадукцыі. Аналагічная сітуацыя на «Віцязе»: са складу завода выдзелены і створаны даччыныя прадпрыемствы на базе цяплічнай гаспадаркі, гандлёвых дамоў, транспартнага ўпраўлення, медсанчасткі, інжынерна-вытворчага комплексу.
– Ці актыўна на Віцебшчыне ствараюцца новыя суб'екты гаспадарання?
– За 1-е паўгоддзе бягучага года зарэгістравана 30 прамысловых прадпрыемстваў. Адзначу, што гэта ў асноўным прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу. І, нягледзячы на складанасці, яны робяць першыя ўпэўненыя крокі. Да прыкладу, «Акатэрм флакс» у Аршанскім раёне, якое спецыялізуецца на вытворчасці цеплагукаізаляцыйных матэрыялаў на аснове натуральных валокнаў, якія выкарыстоўваюцца ў сучасным будаўніцтве малапавярховай і драўлянай домабудавання. Вытворчасцю корпусной і мяккай мэблі занялося «Атэлье мэблі «Полацк». Акрамя таго, прадпрыемства асвойвае выпуск мэблі з дуба і лесвіц для афармлення інтэр'еру катэджаў пад ключ. А дзейнасць новай віцебскай арганізацыі «Пліса Прам» звязана з вытворчасцю будаўнічых металаканструкцый.
– Ці ўдаецца прыцягваць замежны капітал і якія інвестыцыйныя праекты зараз рэалізуюцца?
– У студзені – чэрвені 2015 года прыцягнута прамых замежных інвестыцый у суме 48,5 млн долараў, на чыстай аснове – 26,5 млн долараў. За кошт крэдытных рэсурсаў замежных кампаній рэалізуюцца буйныя праекты на прадпрыемствах энергетыкі і ў ААТ «Нафтан». Усяго ў вобласці ўвасабляецца ў жыццё 170 інвестыцыйных пагадненняў. Вядома, найбольшую цікавасць для нас уяўляюць прамыя замежныя інвестыцыі, накіраваныя на стварэнне новых вытворчасцей і ўкараненне сучасных тэхналогій. У гэтых мэтах кіраўніком дзяржавы вызначаны меры дзяржпадтрымкі інвестарам, у першую чаргу тым, якім рэалізуюць праекты ў малых гарадах і сельскай мясцовасці. Аблвыканкамам заключана 13 падобных пагадненняў, у тым ліку аб будаўніцтве новых заводаў па выпуску субстратаў з торфу ў Шаркаўшчынскім раёне за кошт чэшскіх інвестыцый, зварных металаканструкцый у Фарынава Полацкага раёна (расійскі капітал), будаўніцтве завода па вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі ў Мёрскім раёне (інвестыцыі Аўстрыі і Германіі). На падтрымку праектаў накіроўваюцца таксама сродкі абласнога інавацыйнага фонду. У гэтым годзе іх атрымалі ТАА «СіВітал» (выпуск новых сістэм дыягностыкі захворванняў), УП «Вітбудтэхмаш» (вытворчасць тэлескапічных пад'ёмнікаў), Обальскі керамічны завод, дзе арганізуецца вытворчасць керамічнага каменя.
– Як на Віцебшчыне выконваецца задача ўрада па дыверсіфікацыі экспарту? Якія новыя рынкі збыту з'явіліся і якія, на ваш погляд, можна назваць для нас перспектыўнымі?
– Заданне па экспарце тавараў на новыя рынкі перавыканана больш чым у 3 разы за кошт наладжвання гандлёвых сувязей з Сінгапурам і Арабскімі Эміратамі. Аднавілі пастаўкі ў краіны, у якія ў 2014 годзе тавары не адгружаліся: Ізраіль (згушчонае малако і вяршкі, сталярныя і цеслярскія вырабы, шкловалакно), Індыя (акрылавы жгут, сінтэтычныя валокны, вырабы са шкловалакна, кандэнсатары, аптычныя прыборы), Ірландыя і Карэя (шкловалакно), Камерун (маторныя транспартныя сродкі), Люксембург (аптычныя прыборы), Саудаўская Аравія (згушчонае малако і вяршкі, экстракт соладзевы). Усяго адгрузка прадукцыі вядзецца больш чым у 70 дзяржаў і практычна ва ўсе рэгіёны Расіі.
– Ці значыць гэта, што расійскі рынак не здае сваіх пазіцый у геаграфіі экспарту тавараў віцебскіх вытворцаў?
– Так, ён традыцыйна застаецца асноўным: суседзям рэалізуем больш за 60% вырабленай прыдзвінскімі прадпрыемствамі прадукцыі. Нават у сувязі з падзеннем курса расійскага рубля цэны і ўмовы продажаў на большасць тавараў у Расіі для нас больш выгадныя, чым у астатніх краінах СНД, бо мы працуем па адзіных тэхнічных рэгламентах, сертыфікатах, стандартах. Да таго ж з улікам колькасці тэрытарыяльных суб'ектаў Расійскай Федэрацыі нам ёсць да чаго імкнуцца, перспектыўнымі ўяўляюцца Сібірскі і Уральскі федэральныя акругі. Акрамя таго, мы арыентуем прамысловы комплекс на правядзенне перамоваў не толькі па пастаўках прадукцыі, але і па стварэнні сумеснай прадукцыі. У гэтым плане прадуктыўным стаў Форум рэгіёнаў Расіі і Беларусі ў Сочы. Таксама актывізаваны двухбаковыя кантакты з найбліжэйшымі да нас расійскімі рэгіёнамі – Пскоў, Смаленск, Іванава, Калуга, Цвер, Бранск.
– Ад таго, як працуе эканоміка, залежаць напаўняльнасць бюджэту, дабрабыт грамадзян нашага рэгіёну. Якія шляхі пераадолення наяўных праблем вы бачыце і па якім шляху далей пойдзе эканоміка Віцебшчыны?
– Вядома, складаная сітуацыя ў эканоміцы адбіваецца на дабрабыце насельніцтва, узроўні заработнай платы. Хачу адзначыць, што прыбаўка ў зарплаце ёсць – за студзень – жнівень 2015 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2014-га сярэднямесячная зарплата на Віцебшчыне павялічылася на 10% і склала 5 млн 772 тыс. рублёў. Яна цесна звязана з ростам прадукцыйнасці працы. Галоўнае для нас – захаванне працоўных калектываў і матэрыяльна-тэхнічнай базы прадпрыемстваў. А для гэтага павінна быць жорсткая эканомія матэрыяльных, працоўных рэсурсаў. Неабходна павысіць эфектыўнасць вытворчасці, шырока выкарыстоўваць мясцовыя сыравінныя рэсурсы і ствараць невялікія прадпрыемствы па іх перапрацоўцы. Нам не абысціся без далейшага развіцця прамысловага комплексу, удасканалення аграпрамысловага сектара. І, вядома, трэба працягваць мэтанакіраваную працу па нарошчванні экспартных паставак, дыверсіфікацыі экспарту і прыцягненні замежных інвестыцый. Лічу, што ўсё гэта мы зможам зрабіць у мірнай і спакойнай абстаноўцы пры захаванні і развіцці сацыяльна-эканамічнага курса, які рэалізуецца ў нашай дзяржаве.
Вольга Маслоўская. Фота Алены Сыс. «Віцебскія весці».