Удзельная вага беларускіх тавараў у афіцыйнай гандлёвай сетцы Віцебскай вобласці складае 85,5%

15 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Удзельная вага беларускіх тавараў у афіцыйнай гандлёвай сетцы Віцебскай вобласці складае 85,5%, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення гандлю Віцебскага аблвыканкама Ірына Леўковіч. Пры гэтым у харчовай групе тавараў на долю беларускіх вытворцаў прыпадае 90,4%, у нехарчовай - 76,4%. Як лічыць Ірына Леўковіч, суадносіны па прадуктовай групе з'яўляюцца аптымальнымі, бо на гэтыя 4,5% прыпадаюць тавары крытычнага імпарту: кава, гарбата, рыс, спецыі, экзатычныя садавіна. Такія ж суадносіны айчынных і імпартных прадуктаў харчавання складаюцца і ў неафіцыйнай гандлёвай сетцы - на рынках, у гандлёвых цэнтрах. Такім чынам, павелічэнне долі айчынных тавараў у гандлёвай сетцы можна нарошчваць за кошт тавараў прамысловай групы. Аднак тут беларускім вытворцам варта працаваць як над наменклатурай тавараў, так і над яе якасцю і прасоўваннем на рынак, перакананая Ірына Леўковіч. Значную долю імпартных тавараў складае бытавая тэхніка, будаўнічыя матэрыялы, якія альбо не вырабляюцца ў рэспубліцы, альбо не адпавядаюць патрабаванням пакупнікоў. Айчынным прадпрыемствам лёгкай прамысловасці варта праводзіць больш агрэсіўную маркетынгавую палітыку: многія з іх выпускаюць модную, якасную прадукцыю, аднак не надаюць належнай увагі яе рэкламе, падкрэсліла суразмоўніца. Асваенне выпуску імпартазамяшчальных тавараў і паляпшэнне якасці выпускаемай наменклатуры адыграюць сваю ролю і на павелічэнні долі айчынных прамысловых тавараў у неафіцыйнай гандлёвай сетцы. "Іншых рычагоў кіравання індывідуальнымі прадпрымальнікамі няма", - падкрэсліла Ірына Леўковіч. Па выніках работы за 8 мес. тэмп росту тавараабароту ў Віцебскай вобласці склаў 103,2%. На долю неарганізаванага гандлю прыпадае каля 30% продажаў. -0-