Удзельная вага новай прадукцыі ў аб'ёме прамвытворчасці Віцебскай вобласці ў I квартале склала 19%
5 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Удзельная вага новай прадукцыі ў агульным аб’ёме прамысловай вытворчасці Віцебскай вобласці за першы квартал бягучага года склала 19%. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец.
Прадпрыемствы рэгіёна працягваюць работу па тэхнічным пераўзбраенні вытворчасцей, павышэнні якасці. У першым квартале 235 вытворцаў атрымалі сертыфікаты адпаведнасці па сістэме менеджменту якасці на базе міжнародных стандартаў ISO 9001, 17 – па сістэме кіравання навакольным асяроддзем на базе стандартаў ISO серыі 14000, 31 – па сістэме кіравання якасцю і бяспекай харчовых прадуктаў НАССР.
Як адзначыў Аляксандр Косінец, у бягучым годзе захоўваецца станоўчая дынаміка развіцця асноўных галін народна-гаспадарчага комплексу вобласці. Забяспечаны прырост да студзеня-сакавіка 2009 года па асноўных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця, за выключэннем вытворчасці прамысловай прадукцыі. Аб’ём прамвытворчасці ў бягучых цэнах склаў Br4,9 трлн., тэмп росту ў супастаўных цэнах – 79%. Пры гэтым без уліку ААТ "Нафтан" прамысловымі прадпрыемствамі вобласці забяспечаны прырост вытворчасці на 12,9% да ўзроўню студзеня-сакавіка 2009 года.
Спажывецкіх тавараў выпушчана на 9,7% больш. Тэмп росту экспарту тавараў у цэлым па вобласці без уліку нафты і нафтапрадуктаў склаў 144,9%, забяспечана станоўчае сальда знешняга гандлю $104,8 млн. Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і аб’ёму прамысловай вытворчасці на прамысловых прадпрыемствах на 1 красавіка склалі 34,9% супраць 56,9% за аналагічны перыяд 2009 года.-0-