Удзельная вага ўласных даходаў у бюджэтах сельвыканкамаў Віцебскай вобласці дасягнула 69,2%
17 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Удзельная вага ўласных і замацаваных даходаў у бюджэтах сельскіх і пасялковых выканаўчых камітэтаў Віцебскай вобласці за студзень-май 2009 года дасягнула 69,2%, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў.
На 1 студзеня 2009 года гэты паказчык складаў 65,1%. Датацыйнасць першасных бюджэтаў па выніках пяці месяцаў скарацілася з 34,9% на 1 студзеня 2009 года да 30,8% на 1 чэрвеня 2009 года. Як адзначыў Аляксандр Ацясаў, росту ўласных даходаў сельвыканкамаў і зніжэнню датацый спрыяў указ №21 "Аб павышэнні ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання", які змяніў сістэму фарміравання бюджэтаў першаснага ўзроўню. Цяпер яны маюць 24 даходныя крыніцы, у тым ліку ў іх распараджэнні застаюцца падаходны, зямельны, падатак на нерухомасць, зборы з нарыхтоўшчыкаў, курортны збор.
Мясцовыя Саветы скарысталіся прадастаўленым ім правам павялічыць асобным катэгорыям плацельшчыкаў стаўкі зямельнага падатку, падатку на нерухомасць. Яшчэ адной крыніцай даходаў з'яўляюцца пазабюджэтныя фонды. Сёлета яны створаны амаль ва ўсіх раёнах. На думку Аляксандра Ацясава, павелічэнне крыніц для папаўнення бюджэту стымулюе мясцовыя выканкамы да стварэння новых прадпрыемстваў, забеспячэння стабільнай працы дзеючых, развіццю гандлю, сферы паслуг і турызму на вёсцы. Выдаткі мясцовых бюджэтаў накіроўваюцца на жыллёва-камунальную гаспадарку, добраўпарадкаванне сельскіх тэрыторый, водазабеспячэнне.
Паводле даных на 1 чэрвеня бягучага года, уласныя і замацаваныя даходы бюджэтаў першаснага ўзроўню вобласці перавысілі Br9,8 млрд. Як падкрэсліў Аляксандр Ацясаў, перад мясцовымі органамі ўлады цяпер стаіць важная задача: нарошчваць уласныя даходы, зніжаць датацыйнасць і рацыянальна выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі.
У Віцебскай вобласці працуюць 215 Саветаў дэпутатаў першаснага ўзроўню.-0-