Удзельная вага ўласных даходаў у бюджэтах сельскіх выканкамаў Віцебскай вобласці складзе не менш за 70%
17 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Доля ўласных і замацаваных даходаў у бюджэтах сельскіх і пасялковых выканаўчых камітэтаў Віцебскай вобласці ў 2010 годзе павінна скласці не менш за 70%, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў.
Павелічэнню даходаў бюджэтаў першаснага ўзроўню і зніжэнню іх датацыйнасці спрыяў указ №21 "Аб павышэнні ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання", прыняты ў студзені 2007 года. Заканадаўчы акт змяніў сістэму фарміравання бюджэтаў першаснага ўзроўню. Цяпер у распараджэнні першаснага звяна застаюцца падаходны, зямельны падаткі, падатак на нерухомасць, зборы з нарыхтоўшчыкаў, курортны збор. У 2009 годзе доля ўласных і замацаваных даходаў дасягнула 73% супраць 65% у 2008 годзе. На 1 студзеня 2010 года свабодныя рэшткі на рахунках бюджэтаў першаснага ўзроўню дасягнулі Br5 млрд. Гэтыя сродкі застануцца ў распараджэнні сельскіх выканкамаў і стануць дадатковай крыніцай фінансавання работ, найбольш важных для жыццезабеспячэння людзей. Магчыма, што адным спатрэбіцца абнавіць або адрамантаваць тэхніку, якая выкарыстоўваецца для апрацоўкі прыватных агародаў, камусьці неабходна добраўпарадкаваць калодзеж або падсыпаць дарогу.
Мясцовыя саветы скарысталіся прадастаўленым ім правам павялічыць асобным катэгорыям плацельшчыкаў стаўкі зямельнага падатку, падатку на нерухомасць. Яшчэ адной крыніцай даходаў стануць пазабюджэтныя фонды. Сёлета яны створаны ва ўсіх раёнах. Як падкрэсліў Аляксандр Ацясаў, перад мясцовымі органамі ўлады цяпер стаіць важная задача: нарошчваць уласныя даходы, зніжаць датацыйнасць і рацыянальна выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі.
У Віцебскай вобласці працуюць 12 пасялковых Саветаў, 199 сельскіх.-0-