Удзельная вага паслуг у валавым рэгіянальным прадукце Віцебскай вобласці за два гады вырасла да 50%

30 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Удзельная вага паслуг у валавым рэгіянальным прадукце Віцебскай вобласці вырасла за апошнія два гады амаль удвая да 50%. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. За студзень-сакавік бягучага года аб'ём валавога рэгіянальнага прадукту ў вобласці склаў каля Br3,2 трлн., пры гэтым на долю паслуг прыпадае каля 50%, тады як па выніках 2008 года гэты паказчык складаў толькі 26%. У найбліжэйшай перспектыве стаіць задача давесці ўдзельную вагу паслуг да 70%, адзначыў кіраўнік вобласці. Такая станоўчая дынаміка стала магчымай перш за ўсё дзякуючы велізарнай працы, якая праводзіцца на Віцебшчыне па развіцці інфраструктуры, добраўпарадкаванні гарадоў і малых населеных пунктаў. У якасці прыкладу ён прывёў Віцебск, дзе прагнозны паказчык па платных паслугах выкананы ў першым квартале года на 200%. У горадзе актыўна развіваецца гандлёвая сетка, з'яўляюцца новыя аб'екты грамадскага харчавання і адпачынку. Дастаткова сказаць, што ўжо сталі любімымі месцамі гараджан і гасцей горада абноўленая плошча Перамогі, створаны побач Парк Пераможцаў, многія іншыя непаўторныя куткі абласнога цэнтра, якія павышаюць прывабнасць горада і яго турыстычны патэнцыял. У горада фарміруецца сучасны аблік, які прыцягвае, зачароўвае і выклікае цікавасць, у тым ліку ў замежных гасцей, упэўнены кіраўнік вобласці. Няад'емным элементам стварэння новага абліку абласнога цэнтра і ў цэлым Прыдзвінскага краю з'яўляецца праца па добраўпарадкаванні з актыўным удзелам усіх жадаючых. Сёння ў вобласці ідзе татальнае навядзенне парадку, у тым ліку на суботніках, і на працягу мая трэба будзе навесці ідэальны парадак. Калі любіш свой двор, вуліцу, горад, то пасільная дапамога кожнага жыхара будзе запатрабавана, бо трэба выканаць значны аб'ём работ, у наступным будзе лягчэй падтрымліваць ідэальны парадак, падкрэсліў Аляксандр Косінец. Вялікія задачы па добраўпарадкаванні стаяць непасрэдна перад абласным цэнтрам, бо наперадзе ў горада правядзенне 20-га юбілейнага міжнароднага фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" і чарговы дзень нараджэння. У Віцебску рэалізуецца праграма "Паўночная сталіца", разлічаная на 2011-2015 гады, якая прадугледжвае рэалізацыю шэрагу праектаў па развіцці інфраструктуры і турыстычнага патэнцыялу горада. Так, у абласным цэнтры плануецца стварэнне культурна-забаўляльных і дзелавых цэнтраў "Дзвіна", "Віцьба", "Славянскі базар", "Плошча Перамогі", а таксама Віцебскага гарналыжнага цэнтра "Руба" з гасцініцай, забаўляльным цэнтрам і аб'ектамі грамадскага харчавання. -0-