Удзелаўскі сельсавет Глыбоцкага раёна абвясціў сваю тэрыторыю зонай цвярозасці
26 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Удзелаўскі сельскі Савет Глыбоцкага раёна аб'яўлены зонай цвярозасці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела ідэалагічнай работы Глыбоцкага райвыканкама Міхаіл Чарапкоўскі.
Ініцыятыва стварэння безалкагольнай тэрыторыі належыць знакамітаму ў тутэйшых мясцінах змагару з п'янствам настаяцелю касцёла Святой Ганны ў Масарах ксяндзу Юозасу Бульку. Вядучы сярод сваіх парафіян пастаянную прапаганду здаровага ладу жыцця, ксёндз здолеў пераканаць мясцовых жыхароў у неабходнасці забароны на продаж спіртнога ва ўсіх гандлёвых кропках сельсавета. Па словах Міхаіла Чарапкоўскага, на сходах у працоўных калектывах ініцыятыва была падтрымана. У якасці эксперыменту рэалізацыя алкагольных напояў прыпынена ў крамах да 31 снежня 2009 года, а рэшткі спіртнога канфіскуюцца.
Да стварэння зоны цвярозасці Юозас Булька ішоў на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў. Спачатку пры касцёле быў арганізаваны адзіны ў сваім родзе антыалкагольны музей, потым з'явілася алея цвярозасці. Акрамя таго, шматлікім турыстам, якія наведваюць найпрыгажэйшы куток Глыбоччыны, якім па праве лічыцца касцёл і тэрыторыя вакол яго, забаронена ўжываць якія-небудзь спіртныя напоі ў гэтым месцы.
Глыбоцкі раён не адзіны ў Віцебскай вобласці, дзе ў барацьбе з п'янствам ужываюцца нефармальныя метады. У Пастаўскім раёне з гэтага года сельсаветы наклалі вета на продаж алкаголю асобам, якія стаяць на міліцэйскіх уліках. -0-