Паглыбленае вывучэнне ўмоў пражывання ветэранаў будзе праведзена ў Беларусі да 65-годдзя Перамогі
16 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Паглыбленае вывучэнне сацыяльна-бытавых умоў пражывання ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны будзе праведзена ў Беларусі да 65-годдзя Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Анатоль Новікаў на рэспубліканскім семінары па вывучэнні вопыту работы ветэранскіх арганізацый з рознымі структурамі.
Паводле яго слоў, гэта ўваходзіць у план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да святкавання вялікай даты. Акрамя таго, ветэранам будзе аказана матэрыяльная дапамога, праведзены іх камісійныя агляды, па выніках якіх тыя, хто мае патрэбу, будуць забяспечаны санаторна-курортным лячэннем і сродкамі рэабілітацыі. Напярэдадні 65-годдзя Перамогі адбудзецца ўручэнне юбілейных медалёў, а 9 мая - падведзены вынікі рэспубліканскага агляду-конкурсу "Не старэюць душой ветэраны". "Пералік усіх мерапрыемстваў, крыніцы і аб'ём фінансавання будуць вызначаны на каардынацыйнай нарадзе, якая адбудзецца ў бліжэйшы час у Мінску", - расказаў суразмоўца.
Рэспубліканскі семінар, прысвечаны пытанням узаемадзеяння ветэранскіх арганізацый з рознымі грамадскімі аб'яднаннямі і органамі мясцовай улады завяршаецца ў горадзе на Дзвіне сёння. "Яго галоўным вынікам стала рашэнне ўдзельнікаў аб неабходнасці абагульнення і выдання багатага вопыту Віцебскай вобласці. Гэта будзе зроблена да канца года, каб кіраўнікі ўсіх ветэранскіх аб'яднанняў рэспублікі змаглі ім скарыстацца", - дадаў Анатоль Новікаў.-0-