Архіўныя дакументы будуць перададзены жыхарам Віцебскай вобласці, вывезеным у Германію ў гады вайны

23 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Упраўленне КДБ па Віцебскай вобласці перадасць архіўныя нямецкія дакументы жыхарам вобласці, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі прымусова вывезены на тэрыторыю Германіі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-групе абласнога ўпраўлення. Дакументы былі выяўлены ў так званых фільтрацыйных справах падчас навуковай распрацоўкі архіўных фондаў. Фільтрацыйныя справы афармляліся пры вяртанні перамешчаных асоб на радзіму. Сярод дакументаў - пашпарты, працоўныя кніжкі і карты, аусвайсы з фотаздымкамі, лагерныя пропускі нашых суайчыннікаў, якіх выкарыстоўвалі ў якасці таннай працоўнай сілы на прадпрыемствах, у сельскай гаспадарцы, падвяргаючы гвалту і знявазе. На цырымонію, якая пройдзе 28 красавіка ў Полацкім міжраённым аддзеле абласнога УКДБ, запрошаны каля 20 ураджэнцаў Віцебскай вобласці, а таксама іх родныя і блізкія. На жаль, не ўсе з перамешчаных асоб змогуць нанова ўзяць дакументы ў рукі, бо не дажылі да гэтага дня. "Для дзяцей і ўнукаў нашых суайчыннікаў такія дакументы будуць служыць напамінам аб стойкасці духу іх блізкіх, якія да апошняга верылі ў Перамогу", - адзначылі ў прэс-групе. Работа па пошуку грамадзян, прымусова вывезеных падчас Вялікай Айчыннай вайны ў Германію, будзе працягвацца, дадалі ў прэс-групе.-0-