Крымінальная справа ўзбуджана па ДТЗ у Сенненскім раёне
5 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Крымінальная справа ўзбуджана ў дачыненні да кіроўцы "Аўдзі" па факце аварыі ў Сенненскім раёне, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік Сенненскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Андрэй Казлоў.
Крымінальная справа ўзбуджана па ч.2 арт.317 Крымінальнага кодэкса Беларусі за парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання. У цяперашні час праводзяцца следчыя дзеянні. Прызначана каля 16 судова-медыцынскіх, аўтатэхнічных і трасалагічных экспертыз, следчы эксперымент, правядзенне якіх дазволіць вызначыць ступень віны 22-гадовага мужчыны, які кіраваў "Аўдзі-А8".
Аварыя адбылася 3 кастрычніка раніцай каля 7.30 на 4-м км аўтадарогі Сенна-Бешанковічы-Ушачы каля вёскі Каралевічы. Кіроўца "Аўдзі-А8" пры здзяйсненні абгону ўдарыў аўтобус "ГАЗ-53 Волгарь", які дастаўляў людзей да месца працы, у пярэдняе левае кола. У выніку сутыкнення аўтобус сышоў у кювет і перакуліўся.
Сярод пацярпелых апынуліся 12 чалавек, якія былі дастаўлены ў Сенненскую цэнтральную раённую бальніцу, у тым ліку трое - у цяжкім стане. У цяперашні час чацвёра з іх ужо выпісаны на амбулаторнае лячэнне, 8 застаюцца на лячэнні, паведаміла намеснік галоўнага ўрача па медчастцы Сенненскай Цэнтральнай раённай бальніцы Алена Высоцкая.
Па-ранейшаму ў рэанімацыі знаходзіцца пацыент 1965 года нараджэння, якому была праведзена аперацыя на чэрапе. Яго стан ацэньваецца як стабільна цяжкі з паляпшэннем. 6 кастрычніка мужчыну плануюць адвезці на абследаванне да нейрахірургаў у Віцебскую абласную клінічную бальніцу. Яшчэ двое чалавек, якія знаходзіліся ў цяжкім стане, сёння пераведзены ў аддзяленне. Стан іх і яшчэ аднаго пацыента - сярэдняй ступені цяжкасці, астатніх - здавальняючы. -0-