Крымінальная справа заведзена на жыхара Оршы за спробу падкупу супрацоўніка крымінальнай міліцыі

25 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Жыхар Оршы спрабаваў даць хабар у памеры $8 тыс. супрацоўніку галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) крымінальнай міліцыі МУС, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю міліцэйскага ведамства.

У дачыненні да 47-гадовага намесніка дырэктара прыватнага унітарнага прадпрыемства ўзбуджана крымінальная справа па ч.2 арт.431 "Дача хабару ў буйным памеры" КК Беларусі, якая прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Як растлумачылі ў МУС, супрацоўнікі ГУБАЗіК спынілі грузавы аўтамабіль на пункце спагнання дарожных збораў "Рэдзькі" (мяжа Беларусі і Расіі). У накладных, якія прад'явіў кіроўца, значылася, што ён вёз з Мінска ў Цвер угнаенне, але на самой справе ў машыне было 20 т цукру коштам Br92 млн. Мяркуецца, што нелегальны груз дастаўляўся ў Маскву.

У той жа дзень згаданы намеснік дырэктара адной з фірмаў вырашыў даць хабар супрацоўніку органаў унутраных спраў, каб вярнуць нелегальны груз, але быў затрыманы.-0-