Указ аб развіцці Аршанскага раёна будзе спрыяць прыцягненню інвестараў з іншых рэгіёнаў - меркаванне

Указ №506 "Аб развіцці Аршанскага раёна Віцебскай вобласці" будзе спрыяць прыцягненню інвестараў з іншых рэгіёнаў. Такое меркаванне выказаў журналістам дырэктар аршанскага прадпрыемства па вытворчасці кацельнага абсталявання Сяргей Яўсеенка.

Па словах бізнесмена, ад рэалізацыі ўказа з часам ён чакае эканамічны эфект для прадпрыемства, але пакуль пра лічбы казаць рана. "Безумоўна, гэта важны дакумент як для прадпрыемства, так і для развіцця Аршанскага раёна. Дакумент будзе спрыяць вызваленню ініцыятывы, прыцягненню інвестараў і прадпрымальнікаў з іншых рэгіёнаў. Думаю, пэўная колькасць людзей некаторы час паназірае, як працуе ўказ, які ад яго эфект, і, убачыўшы вынікі, разгорне сваю працу", - лічыць Сяргей Яўсеенка.

На яго прадпрыемстве па вытворчасці кацельнага абсталявання, якое працуе на альтэрнатыўных відах паліва, працуюць каля 15 чалавек. Прадукцыя ў асноўным пастаўляецца ў Расію, але ёсць планы па далейшым развіцці беларускага рынку, ён цікавы, адзначыў дырэктар. Сёння ў Аршанскім райвыканкаме прайшла сустрэча зацікаўленых службаў міністэрстваў і ведамстваў з мясцовымі прадпрымальнікамі па пытаннях прымянення ўказа №506 "Аб развіцці Аршанскага раёна Віцебскай вобласці".

Мерапрыемства выклікала цікавасць у прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу і сабрала больш за 200 чалавек. Указ аб развіцці Аршанскага раёна накіраваны на стварэнне ўмоў для комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну, павышэнне якасці і ўзроўню жыцця насельніцтва, стымуляванне прадпрымальніцтва, рост даходаў мясцовага бюджэту. Дакумент прадугледжвае шэраг эканамічных, фінансавых, падатковых, адміністрацыйных і стымулюючых мер, якія спрыяюць вырашэнню ключавых праблем раёна. Найбольш эфектыўныя з іх у наступным будуць распаўсюджаны на іншыя рэгіёны рэспублікі і створаць аснову комплекснага плана мерапрыемстваў па іх развіцці.

БЕЛТА.