Украінскія навукоўцы зацікаўлены ў сумесным даследаванні з беларускімі калегамі - акадэмік НАНУ
28 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Украінскія навукоўцы зацікаўлены ва ўзмацненні інтэграцыі з беларускімі калегамі і правядзенні сумесных даследаванняў у галіне фізікі трываласці і пластычнасці матэрыялаў. Аб гэтым у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА паведаміў акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, намеснік дырэктара Інстытута праблем матэрыялазнаўства (Кіеў) Сяргей Фірстаў. Ён прымае ўдзел у 50-м Міжнародным навуковым сімпозіуме "Актуальныя праблемы трываласці", які праходзіць у Віцебску.
Удзел у аўтарытэтным навуковым форуме дае магчымасць не толькі аднавіць навуковыя сувязі і пашырыць узаемадзеянне навуковых школ, але і абмеркаваць магчымасць правядзення сумесных даследаванняў, лічыць акадэмік. "Мы размаўляем на адной мове, таму лёгка зможам дамовіцца аб новых працах, аб рэалізацыі сумесных праектаў і правядзенні даследаванняў, што дазволіць эфектыўна выкарыстоўваць нашы веды, узаемна ўзбагачаючы адзін аднаго, і тэхналагічныя магчымасці ўкраінскай і беларускай навукі", - упэўнены Сяргей Фірстаў.
Паводле яго слоў, беларуская навука займае годнае месца ў развіцці фізічнага матэрыялазнаўства, таму ўкраінскія навукоўцы з задавальненнем азнаёмяцца з апошнімі дасягненнямі і вынікамі даследаванняў у гэтай галіне, якія будуць абмяркоўвацца ў ходзе канферэнцыі. Сёння адным з прыярытэтаў сусветнай навукі з'яўляецца стварэнне прынцыпова новых структурных станаў матэрыялаў, якія валодаюць новымі ўласцівасцямі. Украінскія навукоўцы прадставяць на канферэнцыі вынікі даследаванняў у гэтым напрамку, а таксама напрацоўкі ў галіне трываласці матэрыялаў, якія могуць стаць навуковай асновай пры стварэнні матэрыялаў з высокімі удзельнымі характарыстыкамі. Патэнцыял выкарыстання такіх матэрыялаў даволі шырокі, асабліва ў авіябудаванні і пры стварэнні касмічных апаратаў. Разам з тым неабходна знайсці прымяненне атрыманых ведаў для вытворчасці шырокага спектру тавараў народнага спажывання, што дазволіць павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі, лічыць навуковец. "У якасці прыкладу хацелася б прывесці беларускі тралейбус 4-га пакалення, які ў тым ліку здольны пераадольваць пэўную адлегласць у аўтаномным рэжыме, - можаце не сумнявацца, што пры яго распрацоўцы вырашана нямала матэрыялазнаўчых праблем", - сказаў Сяргей Фірстаў.
У рабоце навуковага форуму "Актуальныя праблемы трываласці" ўдзельнічаюць больш за 150 навукоўцаў і спецыялістаў даследчых цэнтраў, навуковых і навучальных устаноў Беларусі, Расіі, Украіны, Азербайджана, Грузіі, Арменіі і Кітая. На сімпозіуме абмяркоўваюцца вынікі тэарэтычных і эксперыментальных даследаванняў у галіне фізікі і механікі трываласці, якія даюць магчымасць прагназаваць найскладанейшыя ўласцівасці матэрыялаў, ствараць нанаматэрыялы з палепшанай структурай і новыя павярхоўныя пакрыцці з высокімі функцыянальнымі ўласцівасцямі. Форум стане пляцоўкай для прэзентацыі апошніх распрацовак у галіне матэрыялазнаўства, інавацыйных тэхналогій атрымання і апрацоўкі матэрыялаў.
Арганізатарамі сімпозіуму выступаюць Інстытут тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт пры садзейнічанні Міждзяржаўнага каардынацыйнага савета па фізіцы трываласці і пластычнасці матэрыялаў, Міністэрства адукацыі, НАН, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі, Віцебскага аблвыканкама і Навуковага савета РАН па фізіцы кандэнсаваных асяроддзяў.-0-