Украінскі экіпаж атрымаў перамогу на ралі "Азёрны край" у Браславе
21 лютага, Мінск /Кацярына Жыляніна - БЕЛТА/. Украінскі экіпаж Тарас Краўчанка - Аляксандр Горбік атрымаў перамогу на ралі "Азёрны край". Як распавёў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар камітэта пазадарожных спаборніцтваў Беларускай аўтамабільнай федэрацыі Даніла Далматаў, перавага лідара над найбліжэйшымі праследавальнікамі літоўцамі Міндаўгам і Артурасам Даўнаравічусамі склала 1 хв. 38 сек.
Трэцяе месца заняў змешаны літоўска-беларускі экіпаж Дарыус Бесявічус - Таццяна Цырфа, які саступіў пераможцу 1 хв. 42 сек.
Нагадаем, першы этап серыі Braslav Rally Challenge ралі "Азёрны край" адбыўся ў Браславе ў мінулы ўік-энд. У гонцы стартавала 19 экіпажаў з Беларусі, Расіі, Украіны і Літвы. Да фінішу дабраліся 14 аўтамабіляў. Лепшы вынік сярод 13 беларускіх экіпажаў паказалі Юрый Грышчанкоў і Дзяніс Равяка, якія размясціліся на 4-й пазіцыі выніковага пратакола.
Арганізатарамі гонкі выступалі Браслаўскі раённы выканаўчы камітэт, ГА "Беларуская аўтамабільная федэрацыя", ДТСААФ.
Адзначым таксама, што 19-22 мая ў Браслаўскім раёне пройдзе ралі "Славянскі кубак". У мінулым годзе Беларусь прымала гэту міжнародную гонку ўпершыню. Перамогу атрымаў шведскі экіпаж Патрыка Флодына і Эміля Аксельсана. У рамках ралі адбыўся не толькі адзін з этапаў беларускага ралійнага чэмпіянату, але і этап адкрытага чэмпіянату Расіі па ралі. -0-