Умацаванне эканамічнага патэнцыялу краіны павялічыць сацыяльную падтрымку сям'і - Н.Ермакова

16 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Рэалізацыя планаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на найбліжэйшае пяцігоддзе дасць магчымасць нарасціць фінансавыя рэсурсы дзяржавы і накіраваць іх на падтрымку сям'і. Упэўненасць у гэтым карэспандэнту БЕЛТА выказала старшыня праўлення ААТ "АСБ Беларусбанк", кіраўнік грамадскай арганізацыі "Беларускі саюз жанчын" Надзея Ермакова. Яна прымала ўдзел у адзіным дні інфармавання "Беларусь - сацыяльная дзяржава: асноўныя вынікі развіцця ў 2006 - 2010гг." у Віцебску. Магчымасць сем'ям з трыма дзецьмі аплачваць толькі чвэрць кошту кватэры, а сем'ям з чатырма і больш дзецьмі атрымаць бясплатнае жыллё можа з'явіцца ўжо ў наступным годзе, лічыць Надзея Ермакова. Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на найбліжэйшае пяцігоддзе, адобраная IV Усебеларускім народным сходам, прадугледжвае радыкальную мадэрнізацыю ўсіх галін эканомікі, стварэнне новых навукаёмістых, высокатэхналагічных вытворчасцей і развіццё імпартазамяшчальных. Гэта дазваляе разлічваць на тое, што ў краіне будуць фінансавыя рэсурсы, каб дапамагчы сем'ям набыць жыллё. "Грошы можна толькі зарабіць. Калі мы будзем лепш працаваць, калі ў нас будзе развівацца эканоміка, то грошай на гэтыя мэты хопіць", - упэўнена Надзея Ермакова. Кіраўнік Беларусбанка нагадала, што ў Беларусі ў цяперашні час сем'і з трыма дзецьмі аплачваюць 50% кошту пабудаванага жылля, астатнюю суму крэдыту і працэнты па ім пагашае дзяржава, сем'і з чатырма дзецьмі аплачваюць чвэрць кошту жылля, а сем'ям з пяццю дзецьмі дзяржава пагашае 100% крэдыту і працэнты. Акрамя таго, дзяржава дае субсідыі, каб, акрамя крэдыту, сем'і атрымалі яшчэ і дадатковыя сродкі. "Сістэма дапамогі шматдзетным сем'ям у набыцці жылля існуе і працуе", - дадала яна. За мінулае пяцігоддзе больш за 17 тыс. шматдзетных сем'яў у Беларусі палепшылі свае жыллёвыя ўмовы. У 2010 годзе Беларусбанк выдаў насельніцтву льготных крэдытаў на набыццё жылля на агульную суму Br5,8 трлн. -0-