УКС Віцебскага аблвыканкама неэфектыўна выкарыстала ў 2008 годзе Br3,8 млрд. бюджэтных сродкаў
7 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. КДК Віцебскай вобласці выявіў шматлікія парушэнні выкарыстання бюджэтных сродкаў КУП "Упраўленне капітальнага будаўніцтва Віцебскага аблвыканкама" пры выкананні будаўнічых работ у 2008 годзе. Пра гэта паведаміла на пасяджэнні КДК Віцебскай вобласці начальнік упраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай і сацыяльнай сферы гэтага ведамства Юля Аўхукава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Усяго падчас праверкі было ўстаноўлена неефектыўнае выкарыстанне Br3,8 млрд. бюджэтных сродкаў па пяці аб'ектах, залішняе і незаконнае атрыманне Br310,6 млн., завышэнне кошту выкананых будаўнічых работ на Br1,1 млрд., нанясенне шкоды дзяржаўнай маёмасці ў памеры Br299 млн.
Прадпрыемства асноўнай сваёй мэтай пры ажыццяўленні дзейнасці лічыла не павышэнне якасці будаўнічай прадукцыі, а атрыманне прыбытку для задавальнення інтарэсаў калектыву. Як вынік - інспекцыя дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам па Віцебскай вобласці за 2007-2009 гады выявіла 791 дэфект на 31 аб'екце, дзе функцыі заказчыка і вядзенне тэхнічнага нагляду выконвала абласное УКС. Усяго было ўстаноўлена 1125 дэфектаў на 52 аб'ектах, выдадзена 130 прадпісанняў. Затое прыбытак ад рэалізацыі паслуг абласнога ўпраўлення капітальнага будаўніцтва ў 2008 годзе склаў Br658 млн., рэнтабельнасць - 49,5%, а сярэднямесячная зарплата работнікаў за гэты перыяд - каля Br1,6 млн., у тым ліку дырэктара - амаль Br3,4 млн. Для параўнання Юля Аўхукава адзначыла, што сярэднямесячная зарплата ў будаўнічай галіне ў рэгіёне за 2008 год склала Br985 тыс., у тым ліку кіраўніка будаўніча-мантажных арганізацый - каля Br2,5 млн.
Вынікі праверкі КДК паказалі, што прадпрыемства неналежным чынам выконвала функцыі заказчыка па набыцці матэрыяльных каштоўнасцей, дапускалася пастаўка некамплектнага і неякаснага абсталявання, а таксама больш дарагога, чым прадугледжана праектнай дакументацыяй. Напрыклад, для культурна-аздараўленчага цэнтра Лужанскай школы-інтэрната-гімназіі былі закуплены трэнажоры ў гомельскага прадпрымальніка з аптовым надбаўкам, які склаў 244,8%, па цане, ад трох да сямі разоў якая перавышае кошт аналагічнага абсталявання айчынных вытворцаў. Шматлікія парушэнні выяўлены і пры ўзвядзенні Дзіцячага парку ў Оршы, будаўніцтве ачышчальных збудаванняў каналізацыі на Верхнядзвінскім масласырзаводзе і ў Полацку.
Акрамя таго, будаўніцтва большасці правераных аб'ектаў, дзе заказчыкам выступала абласное УКС, вялося паралельна з распрацоўкай будаўнічых праектаў. Гэта прыводзіла да нізкіх тэмпаў работ на пачатковай стадыі будаўніцтва, павелічэння тэрмінаў, неефектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў.
Па матэрыялах праверкі КДК узбуджана крымінальная справа па факце незаконнага заключэння кантракту закупкі тэхналагічнага абсталявання службовымі асобамі абласнога ўпраўлення капітальнага будаўніцтва, прынята рашэнне аб правядзенні далейшага расследавання з мэтай прыцягнення вінаватых асоб да адказнасці.-0-