Вулічныя трэнажоры, пляцоўкі для баскетбола і варкаўта – у Віцебску адкрылі школьны спорткомплекс

У Віцебску сёння урачыста адкрылі новы спартыўны комплекс сярэдняй школы №28 на месцы старога стадыёна.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел педагогі, вучні, мясцовыя жыхары, будаўнікі і прадстаўнікі ўлады. Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў адзначыў, што падобныя сучасныя аб'екты ўжо з'явіліся ў Віцебскім дзяржуніверсітэце імя П.М.Машэрава і ў новай СШ №47. "І праектанты, і будаўнікі ўклалі ў спорткомплекс душу. Усё прадумана, таксама тут будуць пастаўленыя раздзявалкі. Займацца спортам змогуць не толькі вучні, але і жыхары мікрараёна", - сказаў ён.

Уладзімір Цярэнтаў

Аналагічныя спорткомплексы сёлета мелі намер адкрыць яшчэ ў двух віцебскіх школах (№27 і №31), але пандэмія змяніла планы. "Тым не менш, задачы гэтыя не здымаюцца, будзем працягваць абнаўляць стадыёны не толькі ў Віцебску, але і ў раёнах. Мы прадумалі праграму "Школьны стадыён" і неўзабаве ўсё гэта аформім на паперы", - дадаў Уладзімір Цярэнтаў.

Спорткомплекс мае дарожкі з бяспечным пакрыццём, вулічныя трэнажоры, пляцоўкі для заняткаў валейболам, футболам, баскетболам і варкаўтам. Таксама ёсць спартыўны гарадок для малодшых класаў.

Дырэктар СШ №28 Алена Мацвеева адзначыла, што гэта выдатны падарунак напярэдадні прафесійнага свята як для саміх педагогаў, так і для навучэнцаў, а таксама жыхароў бліжэйшых дамоў. "Менш за год таму закрылі на рамонт звычайны стадыён, а сёння гэта сучасны спартыўны комплекс з неабходнымі ўмовамі для заняткаў фізічнай культурай", - сказала яна.

БЕЛТА.