Сучасны Дзед Мароз наведае 26 снежня Оршу
22 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Воршы старт калядным і навагоднім святам будзе дадзены з прыездам Дзядулі Мароза. Высокі госць прыбудзе 26 снежня на лімузіне ў суправаджэнні байкераў і прывязе з сабой Тыгра, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры Аршанскага гарвыканкама.
Яркое шоу пачнецца каля гарадскога Цэнтра культуры. Тут збяруцца звыш 30 пар мясцовых Дзядоў Марозаў са Снягуркамі, роставыя лялькі, розныя казачныя героі, гараджане і, вядома, дзеці. Пад гукі духавога аркестра яны проследуюць на плошчу Калегіума езуітаў, дзе ўсталявана галоўная гарадская ёлка. Менавіта тут і разгорнецца асноўнае дзеянне. Дзяды Марозы выстрояцца ў шэраг і ўрачыста сустрэнуць свайго "шэфа" - галоўнага Дзядулю Мароза, які спрытна пад'едзе на беласнежным лімузіне ў суправаджэнні імпазантных байкераў. Пад яго кіраўніцтвам аршанцы дружна заспяваюць навагодні хіт усіх часоў "У лесе нарадзілася ёлачка", і толькі пасля гэтага адбудзецца цырымонія запальвання прыбранай лясной прыгажуні. Выканаўшы сваё галоўнае прызначэнне, Дзядуля Мароз паднесе ўсім прысутным сюрпрыз - выпусціць Тыгра, які будзе чакаць свайго выхаду ў лімузіне. Вясёлы прадстаўнік сямейства каціных, які сімвалізуе 2010 год, працягне забаўляльную праграму. Аршанцаў чакае мноства конкурсаў з прызамі, жартаў, песень і дыскатэка.
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць аддзелы культуры, па справах моладзі і адукацыі Аршанскага гарвыканкама, гарадская арганізацыя БРСМ. З-за маштабнасці шоу свае карэктывы ў яго правядзенне можа ўнесці надвор'е, падкрэслілі спецыялісты.-0-