На Оршаншчыну паступілі разумныя трактары з сістэмай паралельнага кіравання і сучаснымі гаджэтамі для аграрыяў
Яна была набыта ў рамках паэтапнага выканання абласной праграмы і асабістых даручэнняў старшыні абласнога выканаўчага камітэта Мікалая Шарснёва па павышэнні эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці Віцебшчыны.
Кабіна разумнага трактара нагадвае рубку касмічнага карабля або самалёта. Яна абсталявана сучаснымі гаджэтамі і прыладамі. Механізатар Дзмітрый Сініца сцвярджае, што садзіцца за руль такой тэхнікі – адно задавальненне, бо ўсё ў ёй аўтаматызавана. Праўда, без жадання вывучаць і асвойваць усё новае сёння працаваць на зямлі эфектыўна не атрымаецца.
– У наш час мала быць проста механізатарам, які б круціў баранку, – кажа Дзмітрый. – Трэба думаць маштабна: пастаянна займацца самаадукацыяй, вывучаць сучасную тэхніку, атрымліваць дадатковыя веды.
У гэтым абсалютна перакананы і старшыня СВК «Ларынаўка» Аляксандр Кухценкоў.
– Крочачы ў нагу з часам, мы пастаянна трымаем курс на перааснашчэнне і тэхнічнае пераўзбраенне сельскагаспадарчай вытворчасці ў цэлым і машынна-трактарнага парку ў прыватнасці. У раслінаводстве паэтапна пераходзім на сістэму дакладнага земляробства, – распавядае Аляксандр Аляксандравіч. – У машынна-трактарным парку прадпрыемства налічваецца 10 энергонасычаных трактароў. У перспектыве плануем закупіць камбайны з функцыяй картавання палёў. Падчас уборкі ўраджаю гэта дазволіць уносіць дадзеныя ў сістэму GPS аб ураджайнасці культур, што ў далейшым дазволіць кропкава адсочваць пладароднасць кожнага поля.
У новых трактароў усталявана сістэма паралельнага кіравання з дакладнасцю да 2 сантыметраў. А гэта вельмі актуальна пры сяўбе збожжавых культур. Ёсць таксама сістэма кантролю расходу паліва, якая дазваляе праводзіць штодзённы дэтальны аналіз і маніторынг выкарыстання ГЗМ у залежнасці ад умоў надвор'я, контурнасці палёў і г.д. "Інтэлектуальная" тэхніка будзе працаваць значна эканомней, захоўваючы высокую прадукцыйнасць. Яна здольная справіцца з самым складаным заданнем. Новыя трактары ў поўнай меры плануюць задзейнічаць ужо на восеньскай сяўбе, зяблевай апрацоўцы глебы, іншых сельскагаспадарчых работах.
Калектыў «Ларынаўкі» зараз сканцэнтраваў усе намаганні на ўборцы ўраджаю. На палях працуюць чатыры экіпажы камбайнераў і столькі ж адзінак тэхнікі на адвозцы збожжа. Калі надвор'е не падвядзе, аграрыі гатовыя ўкласціся ў агратэхнічныя тэрміны. Тым больш, што хлеб на палях саспеў добры: ураджайнасць збожжавых у гаспадарцы складае 70,1 цэнтнера з гектара. Усяго ў гаспадарцы неабходна ўбраць 960 гектараў збожжавых.
Перад тым, як прыступіць да жніва, у «Ларынаўцы» ў поўнай меры завяршылі ўсе работы па нарыхтоўцы кармоў. З другога ўкосу ўзялі 4753 тоны сенажу, а ўсяго з двух укосаў нарыхтавана 13574 тоны сенажу, што складае 24,8 цэнтнера кармавых адзінак на 1 умоўную галаву, што на 60 працэнтаў вышэй за ўзровень мінулага года. Гэтага ў поўнай меры хопіць, каб як мінімум паўтара года буранкі былі забяспечаны травяністымі кармамі.
Да позняй восені ў аграрыяў клопатаў дастаткова. Завершыцца жніво, трэба будзе пераключацца на іншыя работы: падрыхтоўка глебы, сяўба азімых і гэтак далей. Але ў «Ларынаўцы» заўсёды нацэлены на вынік. Ён, безумоўна, вызначаецца многімі фактарамі: строгім выкананнем тэхналогіі, працоўнай дысцыплінай, моцнай матэрыяльна-тэхнічнай базай, але, перш за ўсё, жаданнем калектыву працаваць з аддачай.