Унікальная дзіцячая пляцоўка, мадэрнізацыя стадыёна і «рэабілітацыя» жылфонду. Як Дубровеншчына сустрэне абласныя «Дажынкі-2017»?

Нягледзячы на тое, што навядзенне глянцу ў сталіцы сёлетніх абласных «Дажынак» Сенна неўзабаве дасягне фінішнай рысы, гэтую эстафету ужо рыхтуецца прыняць Дубровеншчына, якая ў наступным годзе сустрэне прыдзвінскіх хлебаробаў і шматлікіх гасцей свята.

І каб урачыстасці сталі незабыўнымі, тут трэба выканаць даволі ўнушальны аб'ём работ па рамонце, рэканструкцыі, будаўніцтве і добраўпарадкаванні аб'ектаў. Гэтыя аспекты сталі лейтматывам першага пасяджэння штаба па падрыхтоўцы да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2017», які ўзначаліў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў. Сустрэча адбылася непасрэдна ў Дубровенскім раёне.

Адметна, што да ніводнага падобнага абласнога свята так рана не пачыналася падрыхтоўка. Заўчасная выпрацоўка алгарытму дзеянняў усіх абласных і раённых структур і ведамстваў у гэтым напрамку вельмі карысная і эфектыўная. Гэта, на думку Уладзіміра Церанцьева, дае магчымасць спакойна прайсціся па аб'ектах, ацаніць сітуацыю, вызначыць асноўныя задачы. Многія разумеюць: для рэгіёна гэта своеасаблівы экзамен, бо зробленае застаецца людзям на гады.

— Раённы цэнтр кожны год сустракае міжнародны фестываль песні і музыкі «Дняпроўскія галасы ў Дубровенскім раёне». Таму тут недзе ўжо часткова добраўпарадкоўвалася тэрыторыя, прыводзілася ў парадак інфраструктура. Падрыхтоўка да свята працаўнікоў вёскі не будзе чымсьці новым. Наша задача зрабіць так, каб усходнія вароты ў Беларусь выглядалі годна, і тыя, хто прыязджае сюды, маглі захапляцца ўбачаным, — звярнуў увагу Уладзімір Уладзіміравіч.

Практыка правядзення падобных мерапрыемстваў дазваляе скаардынаваць намаганні ўсіх зацікаўленых для таго, каб удыхнуць свежую птушку ў жыццё райцэнтра і надаць новы імпульс развіццю як сацыяльнай, так і вытворчай сфер. Безумоўна, у сувязі з гэтым рэалізацыя шматпланавых задач патрабуе нямалых матэрыяльных затрат. Таму да фінансавання аб'ектаў, якія патрабуюць пераўтварэння, трэба падыходзіць рацыянальна.

На неабходнасць пачаць працу з праектна-каштарыснай

дакументацыяй, каб з пачатку наступнага года неадкладна прыступіць да тэндараў і непасрэдна будаўнічых работ, нацэліў прысутных намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Белавус.

Многія аб'екты аб'ядноўваюць агульныя «больныя кропкі» — фасады будынкаў, дахі, вокны... Так, плануецца, што другое дыханне атрымаюць школы, дзіцячыя сады, а таксама Дом культуры, школа мастацтваў. Буйная пераробка чакае і мясцовую бальніцу. Акрамя пачатага рамонту дзіцячай кансультацыі, а таксама былога радзільнага аддзялення і пераводу на яго плошчу гінекалагічнага, установа аховы здароўя мае намер за кошт адмовы ад асобнага будынка, дзе размяшчаецца інфекцыйнае аддзяленне, аптымізаваць выдаткі на ўтрыманне бальніцы. 

Сярод новаўвядзенняў – будаўніцтва дзіцячай спартыўнай пляцоўкі, бо, па словах старшыні райвыканкама Анатоля Лукашова, такіх збудаванняў у горадзе няма. Мадэрнізацыя з дэмантажом старых трыбун чакае стадыён. Пройдзе «рэабілітацыю» жыллёвы сектар, а таксама некаторыя аб'екты гандлю. Многа трэба будзе папрацаваць над удасканаленнем інжынерных сетак, вулічнага асвятлення, дарожнага пакрыцця. Асноўныя падзеі фестывалю разгорнуцца на цэнтральнай плошчы, якая зменіць імідж у архітэктурным плане.

Ужо з наступнага года горад масава акунецца ў будаўнічы пыл, праз які вымалюецца аблічча святочнага горада.

Вольга Булавка, "Віцебскія весці".