Унікальная праграма па падрыхтоўцы арт-тэрапеўтаў распрацоўваецца вучонымі ВНУ Расіі і Беларусі

25 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Унікальную адукацыйную праграму па падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне арт-тэрапіі распрацоўваюць вучоныя і спецыялісты навучальных устаноў Расіі і Беларусі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў загадчык кафедры філасофскай антрапалогіі і арт-тэрапіі маскоўскага Інстытута псіхалогіі і педагогікі (ІПП) доктар філасофскіх навук, кандыдат псіхалагічных навук Уладзімір Нікіцін. Ён прыняў удзел у міжвузаўскім семінары па праблеме тытунекурэння сярод моладзі, які прайшоў сёння ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава. Аснову гэтай вучэбнай праграмы могуць скласці напрацоўкі і даследаванні маскоўскіх і віцебскіх спецыялістаў, якія праведзены ў межах створанай у 2005 годзе міжвузаўскай навукова-даследчай лабараторыі па арт-тэрапіі, што не мае аналагаў на постсавецкай прасторы. Арт-тэрапія прадугледжвае інтэграцыю ведаў у галіне педагогікі, псіхалогіі і мастацтва. Па словах Уладзіміра Нікіціна, сёння арт-тэрапію неабходна разглядаць не проста як лячэнне ідэаламі, але і ў кантэксце прафілактыкі і аздараўлення мастацтвам свядомасці і цела асобнай асобы і сацыуму ў цэлым з улікам этнапрыналежнасці і прынцыпу полікультурнасці. Мэтай дзейнасці лабараторыі і з'яўляецца даследаванне гэтага феномену з розных аспектаў, распрацоўка ўласных падыходаў у працы сродкамі выяўленчага мастацтва з улікам этнакультурных асаблівасцей рэгіёнаў. На першым этапе магчыма стварэнне ў ВНУ спецыялізацыі па міждысцыплінарнай адукацыі пад умоўнай назвай "арт-псіхолаг" або "арт-тэрапеўт", якая прадугледжвае, што спецыяліст павінен валодаць ведамі не толькі ў галіне псіхалогіі, але і педагогікі і мастацтва. У перспектыве можна весці размову аб новай спецыяльнасці - арт-тэрапеўт або арт-педагог, адзначыў Уладзімір Нікіцін. У гэтым напрамку віцебскія і маскоўскія спецыялісты актыўна супрацоўнічаюць з Крымскім гуманітарным універсітэтам (Ялта, Украіна). "Калі нам удасца аб'яднаць намаганні спецыялістаў трох ВНУ, то праграму па арт-тэрапіі, якую мы ствараем, можна будзе рэкамендаваць не толькі для гэтых навучальных устаноў, але і для міністэрстваў адукацыі трох краін", - упэўнены Уладзімір Нікіцін. У ходзе міжвузаўскага семінара ў ВДУ разгледжаны розныя аспекты фарміравання здаровага ладу жыцця з акцэнтам на моладзевае асяроддзе з пункту гледжання псіхалогіі і сацыяльнай педагогікі. Удзельнікі абмеркавалі вынікі вывучэння прычын тытунёвай залежнасці з пазіцый розных напрамкаў псіхатэрапіі, асаблівасці сацыяльнай работы па прафілактыцы залежнасцей сярод дзяцей і падлеткаў. Акрамя таго, адным з напрамкаў абмеркавання праблемы стала даследаванне магчымасцей мастацтва ў прафілактыцы і аздараўленні сучаснага сацыуму, а таксама патэнцыялу мастацкага вобраза як сродку вызвалення ад тытунёвай і наркатычнай залежнасцей. Акрамя таго, перад студэнцкай аўдыторыяй выступіў тэатр "Постдвижение", які дзейнічае пры маскоўскім ІПП, з інтэрактыўным спектаклем "Карлік Нос", у якім залежнасць ад тытунекурэння пераадольваецца ў працэсе творчасці. Рэжысёр спектакля Уладзімір Нікіцін правёў майстар-клас для віцебскіх студэнтаў. Асноўнай мэтай міжвузаўскага семінара з'яўляецца аб'яднанне патэнцыялу ВНУ і студэнцтва дзвюх краін для арганізацыі работы ў моладзевым асяроддзі па прафілактыцы тытунёвай і наркатычнай залежнасцей. У мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 100 выкладчыкаў і студэнтаў віцебскага і маскоўскага ВНУ. Арганізатарам форуму выступіў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава.-0-