Унікальнае для Беларусі прадпрыемства па выпуску металаканструкцый будуецца ў Полацкім раёне

Уникальное для Беларуси предприятие по выпуску металлоконструкций строится в Полоцком районе

Да канца бягучага года новае прадпрыемства плануе выпусціць 200-300 тон металаканструкцый. У пасёлку Фарынава будуецца ўнікальнае для Беларусі прадпрыемства. Рэалізацыя праекта дазволіць выйсці на якасна новы ўзровень вытворчасці металаканструкцый і паспяхова канкурыраваць на айчынным і замежным рынках.

СААТ «Наваполацкі завод тэхналагічных металаканструкцый» створана ў канцы 2011 года і ўваходзіць у расійскую групу кампаній «Прамбуд». Па словах галоўнага інжынера прадпрыемства Івана Свірко, усё пачалося з набыцця на аўкцыёне невыкарыстоўваемых будынкаў і збудаванняў былога камбіната сельскага домабудавання плошчай каля 40 тыс. кв. м. Дарэчы, пры цане ў адну базавую велічыню за кожны з 17 аб'ектаў у выніку таргоў іх агульны кошт вырас да 5,5 млрд руб. Гэтыя сродкі папоўнілі бюджэт. Стан набытых пабудоў быў плачаўны. Яны знаходзіліся ў разабраным і дэмантаваным выглядзе, а на дахах раслі дрэвы. Перш за ўсё адрамантавалі адміністрацыйны будынак. Гэта дазволіла арганізаваць неабходную структуру для кіравання прадпрыемствам, стварыць уласны праектна-канструктарскі аддзел, пачаць падбор персаналу – інжынераў і будаўнікоў. Паралельна ішла праца па пошуку пастаўшчыкоў асноўнага тэхналагічнага абсталявання і правядзенні тэндараў.

Рэканструкцыя і мадэрнізацыя разлічана на два этапы. Цяпер вядзецца будаўніцтва першага і другога пускавых комплексаў з вытворчай магутнасцю 12 тыс. т металаканструкцый у год. У далейшым аб'ёмы вырастуць да 18 тыс. т. Прадукцыя разлічана на энергетычны комплекс – нафтахімію, нафтаперапрацоўку, здабычу газу і г. д. Пры ўзвядзенні новага завода, акрамя інвестыцый галоўнага прадпрыемства, задзейнічаны банкаўскія крэдыты, а таксама сродкі абласнога інавацыйнага фонду. У прыватнасці, аблвыканкамам выдзелена амаль 21,7 млрд руб. на ўкараненне аўтаматычнай лініі для апрацоўкі профільнага металапракату. Чакаецца, што абсталяванне будзе пастаўлена ўжо ў чэрвені. Будаўніцтва завода вядзецца дастаткова высокімі тэмпамі: асноўныя работы па рэканструкцыі пачаліся ў снежні 2013-га, а да канца гэтага года плануецца выпусціць 200-300 т першых вырабаў.

На першапачатковым этапе Наваполацкі завод тэхналагічных металаканструкцый забяспечыць працай 120 чалавек, а ў няблізкай перспектыве штат павялічыцца да 250 супрацоўнікаў.

А пакуль будуюцца цэхі, актыўна працуе канструктарскі аддзел прадпрыемства. У ім працуюць 13 чалавек, у асноўным выпускнікі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ураджэнцы Глыбокага, Браслава, Пастаў, Расонаў, Маладзечна, Полацка, Наваполацка знайшлі сабе перспектыўную і годную працу ў пасёлку Фарынава. Зрабіўшы ўжо каля трох тысяч чарцяжоў у фармаце 3D, маладыя канструктары не толькі напаўняюць базу, але і прыносяць першыя даходы прадпрыемству, выконваючы заказы старонніх арганізацый, у тым ліку і расійскіх.

Унікальнасць новага прадпрыемства ў тым, што пры вырабе металаканструкцый тут будуць сумяшчацца 3D-мадэляванне, высокатэхналагічнае абсталяванне і сучаснае праграмнае забеспячэнне, якое кіруе працэсам. Інавацыйная тэхналогія вытворчасці дазваляе ў разы скараціць затраты працы ў параўнанні з традыцыйнымі і забяспечвае высокі ўзровень дабаўленай вартасці.

Сяргей Ляшук, "Віцебскія весці"