Унікальная вытворчасць па выпуску смажанага гароху працуе пад Наваполацкам
Першая частка інвестыцыйнага дагавора, як і патрабавалі тэрміны, была выканана да 20 снежня. Далей будуць нарошчвацца інфраструктура і аб'ёмы. У год СТАА «СнэксКо» гатова выпускаць да 1 200 тон прадукцыі.
– У нашага прадукту ёсць толькі адзін недахоп: адкрыўшы пакецік, ты не можаш спыніцца, пакуль не з'еш яго змесціва да канца, – адразу заінтрыгаваў дырэктар прадпрыемства Юрый Мікіцкі.
Я не паверыла, але пасля дэгустацыі пераканалася, што ўсё менавіта так. У ліку безумоўных вартасцей – высокае ўтрыманне бялку, клятчаткі, амінакіслот, вітамінаў і мінералаў. Зрэшты, пра ўсё па парадку.
– Чаму інвестары з Санкт-Пецярбурга выбралі Беларусь і чым ім спадабалася Бараўляны?
– Прывабным аказаўся інвестыцыйны клімат краіны. Дэкрэты кіраўніка дзяржавы №6 – 10 даюць беспрэцэдэнтную колькасць льгот і прэферэнцый пры размяшчэнні вытворчасцей у свабодных эканамічных зонах, парку высокіх тэхналогій, у малых гарадах і сельскай мясцовасці. Сваю ролю адыгралі і такія фактары, як блізкае геаграфічнае размяшчэнне, забяспечанасць мясцовай сыравінай, але асабліва – вялікая канцэнтрацыя ў гэтым рэгіёне кваліфікаваных рабочых кадраў. Тут знаходзяцца політэхнічны каледж, універсітэт, гіганты беларускай прамысловасці, і ў цэлым адукацыйны ўзровень насельніцтва высокі. На тэрыторыі былога ваеннага гарадка ў пасёлку Бараўляны будынак штаба са спартыўнай залай быў перакваліфікаваны пад размяшчэнне харчовай вытворчасці.
– Што ён сабой уяўляе?
– Поўны цыкл перапрацоўкі сыравіны ў канчатковую прадукцыю – смажаны гарох у асартыменце. Нельга не адзначыць, што для беларускага,
да і расійскага спажыўца гэта традыцыйная ежа. Ідэя інвестараў заключалася ў тым, каб узяць класічныя, правераныя стагоддзямі рэцэпты і пакласці іх на тэхналагічнасць сучаснага абсталявання.– Вы апынуліся піянерамі ў гэтай справе?
– Так, у прамысловых маштабах на тэрыторыі постсавецкай прасторы і Еўропы такі від снекавай прадукцыі ніхто не вырабляе. Бліжэйшыя аналагі – у Турцыі, на ўсходзе Азіі.
Усталяваная на прадпрыемстве лінія ўнікальная і максімальна аўтаматызаваная, у змену на ёй працуюць 6 чалавек. Закупленае у Турцыі і еўрапейскіх краінах абсталяванне мы ў вельмі сціснутыя тэрміны адаптавалі пад айчынны прадукт, прымяніўшы нестандартныя тэхналогіі.
– І ў чым заключаецца ваш сакрэт?
– Поспех любога праекта вызначае прадуманасць падыходаў. Расійскі бок надаў пільную ўвагу кожнаму нюансу працэсу. На сённяшні дзень вырабляем сем відаў прадукцыі. Але ў працэсе выбару варыянтаў выпрабавалі больш за 200 тэхналагічных рашэнняў і 90 смакаў.
Падкрэслю, што першапачаткова стаўка была зроблена толькі на натуральныя інгрэдыенты. Супрацоўнічаем з адным з лепшых сусветных вытворцаў натуральных смакавых дабавак. Наш гарох не ўтрымлівае штучных фарбавальнікаў, кансервантаў, араматызатараў і генетычна мадыфікаваных субстанцый, што пацвярджаюць штомесячныя пратаколы выпрабаванняў.
– Як будзе развівацца вытворчасць?
– Першая частка інвестыцыйнага дагавора, як і патрабавалі тэрміны, была выканана да 20 снежня. Далей плануем арганізаваць працу ў тры змены, нарошчваць інфраструктуру, будаваць складскія памяшканні. У год гатовыя выпускаць да 1 200 тон прадукцыі. Зараз ідзе фарміраванне штата супрацоўнікаў, ён павінен пашырыцца да 46 чалавек. Будзем запрашаць тэхнолагаў харчовай прамысловасці, спецыялістаў з адукацыяй у галіне электратэхнікі і газазабеспячэння. Але ўсе гэтыя перспектывы наўпрост залежаць ад паспяховых продажаў. Разліковы тэрмін акупнасці праекта – 2,5 года.
Плануем таксама асвойваць замежныя рынкі збыту, у першую чаргу гэта Расія, Украіна, Казахстан. Пройшлі сертыфікацыювытворчасці на адпаведнасць патрабаванням нарматыўна-прававых актаў Рэспублікі Беларусь і Еўразійскага эканамічнага саюза. Зараз працуем над тым, каб атрымаць сертыфікат сістэмы менеджменту якасці стандарту FSSC 22000, які дае права працаваць з усімі буйнымі рытэйлерамі свету. Але перш за ўсё будзем вывучаць перавагі землякоў.
Ларыса МАЛАШЭНЯ, фота аўтара. «Віцебскія весці».