У Полацку прэзентавалі ўнікальную археалагічную знаходку, звязаную з Ефрасінняй Полацкай

Уникальную археологическую находку, связанную с Евфросинией Полоцкой, презентовали в Полоцке

Прэзентацыя ўнікальнай археалагічнай знаходкі XII стагоддзя пачалася сёння ў Мастацкай галерэі Полацка. Гэта віслая актавая пячатка Ефрасінні Полацкай, знойдзеная падчас даследавання фундаментаў Спаса-Праабражэнскага храма Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.

Раскопкі праводзіліся групай расійскіх і беларускіх вучоных пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук, прарэктара Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзяніса Дука. Ён растлумачыў, што факт знаходкі пячаткі, якая дакладна належала прападобнай, пацвярджае выключную значнасць асобы Ефрасінні Полацкай. Яна не толькі валодала бясспрэчным аўтарытэтам у духоўна-асветніцкай дзейнасці, але і выступала ў ролі яскравай палітычнай фігуры: мела права скрэпляць дакументы дзелавога характару нараўне з князем і епіскапам, кіравала горадам падчас адсутнасці князя.

Сімвалічна, што гэта своеасаблівае пасланне з XII стагоддзя вучоныя атрымалі напярэдадні адразу некалькіх знакавых дат. На гэтым тыдні самы старажытны горад нашай краіны святкуе сваё 1153-годдзе. Заўтра ў Полацку пройдуць шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя Дню памяці вялікай беларускай святой. Сёлета спаўняецца 105 гадоў з дня перанясення мошчаў Ефрасінні Полацкай у родны манастыр, а 15 гадоў таму палачане адкрылі помнік сваёй легендарнай зямлячцы.

Прэзентацыя знаходкі ў Мастацкай галерэі працягнецца ўсяго чатыры дні. Пасля гэтага пячатка вернецца да даследчыкаў для неабходнай навуковай апрацоўкі, а затым будзе перададзена на пастаяннае захоўванне ў Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.

Ларыса Малашаня, "Віцебскія весці"